Небяспечнымі «сімптомамі прымусовай секулярызацыі» Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў намер на заканадаўчым узроўні забараніць медыкам насіць знакі рэлігійнай прыналежнасці, а таксама Нацыянальны план забяспечыць гендарную роўнасць у Беларусі.
«Міністэрства аховы здароўя ў канцы мінулага года падрыхтавала этычныя нормы для працаўнікоў аховы здароўя. Было выкарыстана слова этычныя, але ў гэтых нормах не так і многа этыкі. Пытанне заключалася ў тым, што прадстаўнікам розных веравызнанняў забаранялася публічна насіць знакі прыналежнасці да той ці іншай рэлігіі, — патлумачыў каталіцкі іерарх падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску 11 красавіка. — Дзякуй Богу, мой зварот і таксама зварот мітрапаліта Паўла, які адразу адрэагаваў, паспрыялі таму, што гэты пункт быў выключаны. Аднак гэта ўжо сімптом. Сімптом нават прымусовай секулярызацыі».
«Таксама гледзячы на пастанову адносна гендарнай ідэалогіі, здаецца, што там няма нічога небяспечнага. Паверце мне, Касцёл ужо прайшоў гэты вопыт, — перасцярог Мітрапаліт. — Падобнае было на Захадзе, і мы ведаем, чым гэта ўсё “пахне”, калі так можна выказацца. І таму была мая заява ў сувязі з гэтым».
«Мы баімся, каб у нашым грамадстве не пачало адбывацца тое, што цяпер адбываецца на Захадзе. Калі не фізіялогія сведчыць пра пол чалавека, а вырашае гэта культура, у якой ён знаходзіцца, і яго асабістае меркаванне: сёння я мужчына, а заўтра жанчына. Гэта можа мець таксама іншыя наступствы, — працягваў іерарх. — Самае найгоршае, што ідзе маніпуляцыя свядомасцю чалавека. Чалавек страчвае сваю тоеснасць, разуменне сваёй тоеснасці».
Валянціна Грамыка