2 красавіка дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў парафію Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі ў Бабруйску і святой Ганны ў Глуску.
У Бабруйску іерарх цэлебраваў святую Імшу і ўзначаліў Крыжовы шлях у Бабруйску. У Глуск біскуп прыбыў з кананічнай візітацыяй.
У гаміліі іерарх, каментуючы Евангелле, адзначыў, што ў V нядзелю Вялікага посту Касцёл разважае пра смерць, уваскрэсенне і вечнае жыццё.
Сёння мы глядзім на вялікі цуд уваскрашэння Лазара здзейсняны Езусам Хрыстом. Гэта асаблівы заклік для нас, каб памятаць, што ў дадатку да смерці нашага цела, нам пагражае і смерць душы. Гэта смерць можа наступіць яшчэ і падчас нашага жыцця ў выніку грахоў і пастаяннага жыцця ў іх.
У такім стане наша душа пачынае “смярдзець”, таму што наўпрост не злучаная з Айцом. Якімі б не былі нашы грахі, калі мы звернемся з верай да Пана за дапамогай, Ён прыйдзе да нас са сваёй збаўчай сілай і дасць нам новае жыццё, абноўленае ласкай Божай».
Напрыканцы святой Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, удзяляючы вернікам пастырскае благаслаўленне, пажадаў, каб кожны меў у сабе дастаткова духоўных і фізічных сіл вызваляцца з духоўнай смерці.