26 сакавіка дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў каталіцкія парафіі Шклоўшчыны — Шклоў, Фашчаўку і Княжыцы.
Разам з іерархам у інтэнцыі умацавання ў веры, яе адраджэння на Шклоўскай зямлі, а таксама аб пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця з Магілёўшчыны маліўся і душпастыр парафій кс. Аляксандр Шупенька.
Вітаючы прысутных, біскуп адзначыў, што «час Вялікага посту павінен стаць часам перамены, пакаяння і навятання».
«Для таго, каб эфектыўна выкарыстаць час Вялікага посту, трэба паверыць, што кожны з нас можа нешта змяніць у сваім жыцці.
Неабходна паверыць, што для гэтай перамены ў нас ёсць сапраўдны шанец, бо ў адваротным выпадку гэта будзе чарговы перыяд літургічнага года, перажыты павярхоўна і бясплённа. А ён павінен стаць часам перамены», падкрэсліў біскуп Аляксандр.
«Хто любіць бруд сваіх грахоў, той не можа любіць Хрыста»
У гаміліі іерарх падкрэсліў, што грэх асляпляе людзей, якія не бачаць за ім бруду грахоў:
«Многія сёння больш гатовыя да таго, каб страціць свае вочы, чым адмовіцца ад грахоўнага жыцця. Хто любіць бруд сваіх грахоў, той не можа любіць Хрыста. Чалавек грэшны ўцякае ад Яго, таму што Езус непакоіць яго, таму што нагадвае чалавеку, што той павінен быць дзіцём Божым, а не сынам і дачкой цемры. Сёння ўсе мы патрабуем цуду аздараўлення слепаты нашай душы, каб спаткаць Езуса, нанова паверыць у Сына Чалавечага і адкрыць сэнс свайго жыцця дзеля выканання таго прадвызначэння, якое Бог запланаваў у нас і праз нас».
Напрыканцы святой Імшы іерарх, удзяляючы вернікам пастырскае благаслаўленне, пажадаў мужна і з даверам прасіць Хрыста аб перамене, асабліва ў час посту.