Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сталі гасцямі урачыстай цырымоніі 20-годдзя заснавання Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя свв. роўнаапостальскіх Мятода і Кірыла».
Урачыстасць прайшла 15 студзеня ў Дзяржаўнай філармоніі.
Кожны з каталіцкіх іерархаў выступіў з прывітальным словам. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў праваслаўных вернікаў з Божым Нараджэннем і пажадаў, каб кожны пражыты дзень быў пазначанай Божай ласкай.
«Зусім нядаўна Беларусь адзначала юбілей 25-годдзя абвяшчэння суверэнітэту, які стаў магчымым дзякуючы сацыяльна-палітычным зменам ХХ стагоддзя, у выніку якіх мы атрымалі свабоду веравызнання», — адзначыў арцыбіскуп.
Як дадаў арцыпастыр, менавіта тады Мітрапаліт Філарэт, як знакавая фігура беларускага грамадства, «імгненна прачытаў знакі часу і своечасова адказаў на іх, заснаваўшы Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя свв. Мятода і Кірыла».
Іерарх падкрэсліў, што адукацыйны цэнтр стаў першай тэалагічнай школай ў Беларусі, дзе могуць вучыцца свецкія.
Адзначаючы ролю хрысціянскага цэнтра ў грамадстве, Мітрапаліт Кандрусевіч дадаў, што ўстанова стала «вялікай дапамогай і Каталіцкаму Касцёлу, бо сярод яе выпускнікоў і навучэнцаў ёсць католікі»:
«Гэтым самым цэнтр садзейнічае далейшаму развіццю адносін паміж католікамі і праваслаўнымі, што можа служыць прыкладам многім краінам свету і дарагога каштуе», — зазначыў іерарх.
Віншуючы кіраўніцтва ўстановы з юбілеем, арцыбіскуп прыгадаў словы лацінскага выслоўя: «”Scientia plusquam aurum” — “Веды важней за золата”. Няхай святло ведаў гэтага цэнтра ўсё мацней свеціць над нашай Бацькаўшчынай, каб яна будавала сваю будучыню на нязменных хрысціянскіх каштоўнасцях».