9 студзеня ў Парыжы распачаўся V Еўрапейскі каталіцка-праваслаўны форум, арганізаваны Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (РБКE) і праваслаўнымі Цэрквамі з Еўропы. Каталіцкі Касцёл у Беларусі прадстаўляе Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Форум узначальваюць: ад Каталіцкага Касцёла — арцыбіскуп Эштэргомска-Будапештскі кардынал Пэтэр Эрдо, ад Праваслаўных Цэркваў Еўропы — Мітрапаліт Сасімскі Генадзій.
Да гэтага падобныя форумы адбываліся ў 2008 г. у Трэнта (Італія), на востраве Родас (Грэцыя) у 2010 г., у Лісабоне (Партугалія) у 2012 г. і ў Мінску ў 2014 г.
Трохдзённая сустрэча з удзелам 12 прадстаўнікоў кожнага з бакоў праходзіць на тэму «Еўропа перад абліччам страху ад тэрарызму і выклікамі фундаменталізму. Вартасць асобы і рэлігійная свабода».
У форуме прымаюць удзел прадстаўнікі Праваслаўных Цэркваў Еўропы і Каталіцкага Касцёла ў Еўропе ў такой колькасці, каб захоўваўся парытэт паміж католікамі і праваслаўнымі.
У сёлетнім форуме разам з іерархамі парыжскіх католікаў і праваслаўных, а таксама прадстаўнікамі сакратарыяту Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы і экспертамі прымаюць удзел 45 чалавек.
Звычайна на гэтых форумах з каталіцкага і праваслаўнага пунктаў гледжання разглядаюцца найбольш актуальныя праблемы Старога кантыненту. Таму дадзены форум адыгрывае ўсё большае значэнне ў жыцці Еўропы і таксама спрыяе развіццю экуменічных адносін.
Сёлетні форум, у сувязі з новымі выклікамі для Еўропы — нарастаючыя акты тэрору, нацыянальны і рэлігійны фундаменталізм, прыніжэнне годнасці чалавечай асобы і парушэнне рэлігійнай свабоды — мае вельмі важнае значэнне.
Працы форуму распачаліся супольнай малітвай.
Арцыбіскуп Парыжа кардынал Андрэ Вэн-Труа, адкрываючы форум, заклікаў падзяліцца досведам еўрапейскіх Касцёлаў і Цэркваў у «зіму сучаснай цывілізацыі», каб католікі і праваслаўныя маглі разам адказваць на ўзнікаючыя выклікі тэрарызму і праблемы, звязаныя з пашанай да чалавечай асобы і свабодай рэлігіі.
Праваслаўны Мітрапаліт Францыі Эмануэль (Канстанцінопальскі Патрыярхат) падкрэсліў, што з-за тэрарыстычных актаў Парыж у наш час стаў горадам мучанікаў, і таму форум з’яўляецца своечасовым адказам на гэты выклік для ўсёй Еўропы, каб у ёй запанаваў супакой.
Кардынал Пэтэр Эрдо звярнуў увагу на тое, што хрысціяне Еўропы аб’яднаны адной ідэяй супольнага адказу на выклікі часу, які базуецца на адных прынцыпах Евангелля. Страх, які пануе ў Еўропе, выкліканы недахопам любові паміж людзьмі. Еўропа стала багатай матэрыяльна, але беднай духоўна, у выніку чаго з’яўляюцца новыя і вельмі небяспечныя крызісы, якія пагражаюць канцэпцыі Еўропы з яе хрысціянскімі каранямі. У такой сітуацыі католікі і праваслаўныя, не ўцякаючы ад праблем, павінны пасеяць зерне надзеі для нашага кантынента.
Мітрапаліт Генадзій падкрэсліў значэнне Парыжа ў жыцці Еўропы. Парыж, які з-за тэрарыстычных актаў стаў сучасным «горадам мучанікаў», дзякуючы сумесным намаганням католікаў і праваслаўных павінен стаць горадам святла, каб прамянець святлом міру на ўвесь кантынент.
У далейшай праграме форуму — наведванне Апостальскай Нунцыятуры, экуменічная малітва ў праваслаўнай катэдры св. Стэфана (Канстанцінопальскі Патрыярхат), малітва ў каталіцкай катэдры Нотр-Дам пры выстаўленым цярновым вянцы Езуса Хрыста.
Фота прэс-сакратара РБКЕ Цьеры Бонавентуры
(DN), (VGr)