27 снежня ў свята св. Яна, апостала і евангеліста, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў адпустовую святую Імшу ў парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску.
У сваёй гаміліі іерарх нагадаў, што святы Божага Нараджэння і св. Яна Евангеліста цесна звязаны паміж сабой, пра што нагадвае гісторыя збаўлення.
«У Евангеллях святы Ян прадстаўляецца як вучань, якога Езус любіў наймацней. І Ян аказаўся годным гэтай любові, бо толькі ён з усіх апосталаў прыйшоў пад крыж, на якім Езус паміраў за грахі свету, — адзначыў іерарх. — Ян быў таксама першым, хто на вестку Магдалены, што Хрыстус уваскрос, прыбег да пустой магілы Езуса, аб чым нагадвае сённяшняе Евангелле. Ён распазнаў уваскрослага Езуса на беразе возера і паказаў Яго Пятру пасля цудоўнага ўлову рыбы».
Арцыпастыр таксама нагадаў, што святы Ян з’яўляецца тым, хто абвяшчае праўду пра тое, што Езус коштам свайго жыцця збавіў усё чалавецтва.
«Праз сваю веру св. Ян, евангеліст, стаў тым, хто падбадзёрыў іншых паверыць ва ўваскрасенне Езуса і палюбіць таго, хто за нас аддаў сваё жыццё», — дадаў арцыпастыр.
Паводле слоў іерарха, Езус хоча мець доступ да нашых сэрцаў і заклікае да развіцця духоўнага жыцця ў нас.
«Для многіх з нас Бог застаецца ўтоеным і недасяжным. Але Езус прыйшоў да нас, працягвае прыходзіць кожны дзень і чакае нашага адказу. Мы, як святы евангеліст Ян, пакліканы адказаць Яму і развіваць адносіны з Ім. Калі мы навернемся да Бога ў сваім сэрцы, то Езус будзе ў нас, і мы зможам несці Яго іншым людзям і распазнаваць у іх Хрыста».
Тэкст гаміліі цалкам глядзі ТУТ››
Прыгадваючы традыцыю асвячэння віна ў свята св. Яна, евангеліста, і гісторыю выратавання ад атручанага віна евангеліста, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч зазначыў, што «адным з найбольш небяспечных сёння з’яўляецца яд секулярызму, адыходу ад Бога, дэвальвацыі хрысціянскіх каштоўнасцяў і інш.».
«Забаўляльна-гандлёвыя цэнтры выкарыстоўваюць свята Божага Нараджэння для сваіх мэтаў, каб толькі атрымаць матэрыяльную выгаду, і няма там ніякага духоўнага зместу. Гэта яўны знак таго, што секулярная мода і заходні стыль святкавання гэтага, так важнага для хрысціянства свята, насамрэч і ў нашай краіне з глыбокімі хрысціянскімі каранямі становіцца так званым зімовым святам», — заключыў іерарх.
Таксама Мітрапаліт задаў пытанне, ці здольныя вернікі выстаяць перад націскам секулярызму, перад духоўным ядам, якім «пояць нас сучасныя СМІ»?
Іерарх нагадаў, што ад таго, ці зможа выстаяць чалавек у гэтай барацьбе, будзе залежыць яго будучыня.
Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп звярнуўся да св. Яна, евангеліста:
«Ласкава ўзглянь на нас, сабраных у гэты благаслаўлёны час Божага Нараджэння, і выпрасі ў Немаўлятка Езуса патрэбныя нам ласкі для нейтралізацыі духоўнага яду сучаснай культуры, каб мы заўсёды заставаліся вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню і традыцыі нашых продкаў», — заключыў Мітрапаліт.