Новы законапраект аб нормах медыцынскай этыкі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў дыскрымінацыяй вернікаў.
Так, паводле аднаго з пунктаў законапраекта плануецца забараніць медыцынскім работнікам «відавочную дэманстрацыю рэлігійнай прыналежнасці і адкрытае нашэнне рэлігійных знакаў і сімвалаў».
«Добра разгледзеўшы гэты праект, бачна, што этыкі там не вельмі многа, — абурыўся іерарх на перадкаляднай прэс-канферэнцыі. — Больш таго: адзін з пунктаў забараняе публічна насіць рэлігійныя знакі. Я не ведаю, куды мы вяртаемся...»
На думку арцыпастыра этычныя нормы паводзін для медыкаў патрэбны, але яны павінны ўлічваць і права чалавека на свабоду веравызнання.
«Можна [адкрыта] насіць значок прыналежнасці да партыі, грамадскай арганізацыі, а значок прыналежнасці да сваёй рэлігіі — нельга. Рэкламы піва, алкаголю і тытуню дапушчальныя, а рэлігійны знак — не! Гэта не што іншае, як дыскрымінацыя вернікаў», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Іерарх дадаў, што спадзяецца на выпраўленне вышэйзгаданых пунктаў у праекце закона, а таксама адзначыў, што ў бліжэйшыя дні будзе апублікавана паведамленне, у якім будзе прадстаўлена афіцыйная пазіцыя Касцёла адносна гэтай справы.
Чытайце таксама: