15 снежня ў Мінскім абласным клінічным шпіталі ў Бараўлянах адбылася аплаткавая сустрэча дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскупскага вікарыя для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандра Яшэўскага SDB з медперсаналам і пацыентамі шпіталя.
Разам з біскупам на сустрэчы прысутнічалі святары-салезіяне, якія працуюць у Бараўлянах, у супольнасці святога Дамініка Савіо.
Ад імя ўсіх прысутных біскупа прывітаў галоўны ўрач Андрэй Каралько, адзначыўшы, што для ўсёй бараўлянскай бальніцы і для яго асабіста вялікі гонар прымаць такога шаноўнага госця.
На пачатку сустрэчы ў пакоі пагасілі святло і запалілі свечкі, як сімвал самога Хрыста, які, прыходзячы ў гэты свет, жадае збавіць кожнага чалавека.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, біскуп падзякаваў кіраўніцтву шпіталя за тое, што «адгукнуліся на просьбу шматлікіх веруючых і ўжо на працягу года ў пацыентаў ёсць магчымасць кожную сераду ўдзельнічаць у святой Эўхарыстыі, а таксама цяжкахворыя людзі і тыя, хто знаходзіцца на апошняй стадыі свайго жыцця, могуць паяднацца з Богам праз сакрамэнт споведзі і намашчэння хворых, так званы віятык». Каталіцкі іерарх выказаў надзею на тое, што і надалей святары і ўрачы будуць супрацоўнічаць, поруч займаючыся лячэннем душы і цела.
Біскуп выказаў вялікую радасць, што, нягледзячы на канфесійную прыналежнасць, супрацоўнікі сабраліся разам на гэтай сустрэчы, каб святкаваць Божае Нараджэнне.
Таксама іерарх адзначыў, што вельмі занепакоены інфармацыяй, якая з’явілася ў СМІ адносна праекта пастанаўлення аб нормах медыцынскай этыкі. Так, у адным з пунктаў праекта медыцынскім работнікам хочуць забараніць «відавочную дэманстрацыю рэлігійнай прыналежнасці, адкрытае нашэнне рэлігійных знакаў і сімвалаў».
«Я маю вельмі вялікую надзею, што ў нашай краіне, дзе мы будуем сваё жыццё на хрысціянскіх каштоўнасцях, дзе існуе свабода веравызнання і талерантнасць да розных поглядаў і канфесій, такі законапраект ніколі не будзе прыняты, — адзначыў біскуп. — Як сёння магчыма нам, а асабліва вам, медыкам, забараніць прызнавацца ў сваіх рэлігійных поглядах, калі часта таксама і медыкам неаднойчы трэба лячыць у першую чаргу душу чалавека, а пасля цела?»
На заканчэнне прамовы іерарх павіншаваў прысутных з надыходзячымі святамі. «Няхай урачыстасць Божага Нараджэння адорыць кожнага з нас моцаю Бога, які прыходзіць да нас у cваім Сыне. Як жа патрабуе сёння гэтай моцы сучасны чалавек, які часта не ўсведамляе сэнсу свайго жыцця і надзеі, які турбуецца толькі пра сваю часовую будучыню. Менавіта Езус праз сваё нараджэнне прыносіць нам сілу, радасць і святло. Няхай струмень ласкаў нованароджанага Збаўцы напоўніць нашыя сэрцы гэтым каштоўным насеннем. Няхай з гэтага насення народзіцца новы чалавек, створаны паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды», — пажадаў біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Пасля благаслаўлення і супольнай малітвы прысутныя дзяліліся аплаткамі, усмешкамі і словамі віншаванняў з біскупам, са святарамі, якія прысутнічалі на сустрэчы, а таксама адно з адным.
А падчас таго, як гэта адбывалася, гучала музычнае суправаджэнне ў выкананні гурта «Небасхіл» з парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску.
Некаторыя пацыенты па добрай хрысціянскай традыцыі панеслі аплаткі ў палатныя пакоі да тых, хто не змог прыйсці на сустрэчу, і падзяліліся такім чынам сваёй радасцю і надзеяй, якія прыносіць свята Божага Нараджэння.
Да некаторых, хто не змог прысутнічаць на сустрэчы, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB у суправаджэнні святароў і ўрачоў завітаў у палаты з благаслаўленнем, віншаваннямі і пажаданнем вытрымкі ў цярпенні, бо кожнае цярпенне мае сэнс, але, каб яго зразумець, неабходны пэўны час.