З 19 па 21 кастрычніка ў Рыме праходзіў кангрэс, прысвечаны душпастырству пакліканняў. У форуме, арганізаваным Кангрэгацыяй па справах духавенства, прымаў удзел і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
На кангрэсе беларускі іерарх выступіў з дакладам на тэму «Заданні пастыраў у галіне пакліканняў». У дакладзе падкрэслівалася, што першым адказным за развіццё пакліканняў з'яўляецца біскуп. Праз малітву — «асноўную прыладу» ў гэтай галіне служэння — біскуп просіць Бога паслаць працаўнікоў на сваё жніво. «Наступным элементам з'яўляецца абвяшчэнне Божага слова, якое мае моц змяняць сэрца чалавека і чыніць яго здольным чуць голас Пана, які кліча», — падкрэсліў біскуп Яшэўскі.
«Месцам, у якім працягваецца развіццё паклікання, з'яўляецца семінарыя, і біскуп павінен прысутнічаць у яе жыцці праз частыя візітацыі, асабістыя размовы з семінарыстамі, выкладчыкамі і фарматарамі. Семінарыя, як вучыць папа Францішак, павінна стаць супольнасцю, дзе існуе праўдзівы дыялог, адзінства, адкрытасць і гатоўнасць выхавацеляў слухаць і накіроўваць па-бацькоўску. Таму выкладчыкі і фарматары павінны развіваць у сабе дух айцоўскага, а не аўтарытарнага выхавання. Бо першая пастава спрыяе развіццю будучага святара, а другая — замыкае і не дазваляе ўзрастаць у правільным кірунку святарскага паклікання», — дадаў біскуп Яшэўскі.
У ходзе выступлення беларускі іерарх распавёў пра пастырскія сустрэчы ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі і назваў іх важным момантам у пастаяннай фармацыі ўсяго духавенства лакальнага Касцёла. Таксама біскуп нагадаў пра чатыры вымярэнні, у якіх адбываецца фармацыя як будучага святара, так і ўсяго духавенства: чалавечае, духоўнае, інтэлектуальнае і пастаральнае.
Другая частка даклада датычыла ролі святароў у душпастырстве пакліканняў. Біскуп акцэнтаваў увагу прысутных на такім моцным фактары як асабістае сведчанне святароў.
«Важнай задачай святароў з'яўляецца таксама вучыць сем'і жыць з верай. Выйшаўшы з крызісу сям'і, будзе пераадолены і крызіс пакліканняў, — падкрэсліў іерарх. — Нельга таксама забываць пра катэхізацыю і выхаванне моладзі. Варта смела прапаноўваць ім прысвячаць сваё жыццё Богу».
На заканчэнне беларускі іерарх адзначыў: «Не мае значэння, колькі нас будзе. Важна тое, што мы ведаем, якімі мы павінны быць, і ўжо цяпер да гэтага ідэалу імкнуцца і набліжацца».
21 кастрычніка біскуп Аляксандр Яшэўскі разам з іншымі ўдзельнікамі міжнароднай канферэнцыі прыняў удзел у аўдыенцыі са Святым Айцом.