8 кастрычніка ў Манака, дзе з 6 па 9 кастрычніка праходзіць пленарнае пасяджэнне Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (РБКЕ), было названа месца правядзення наступнага пасяджэння РБКЕ.
Сталіцай пленарнага пасяджэння РБКЕ быў абвешчаны Мінск, які прыме ў сябе каталіцкіх біскупаў Еўропы з 28 верасня па 1 кастрычніка 2017 г. Адразу пасля зацвярджэння беларускай сталіцы ў новай якасці Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў перад удзельнікамі пасяджэння РБКЕ.
У сваім слове каталіцкі іерарх адзначыў, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі зробіць усё магчымае, каб наступнае пленарнае пасяджэнне РБКЕ было арганізавана на найлепшым узроўні і прынесла добры плён.
«Беларускі народ талерантны адносна розных нацыянальнасцяў і рэлігій. Гэта вялікае багацце нашай краіны, якое мы павінны захаваць для будучых пакаленняў», — сказаў арцыпастыр.
У гэтым пытанні беларускі арцыбіскуп аддаў належнае і свецкай уладзе: «Свецкая ўлада садзейнічае мірнаму суіснаванню і супрацоўніцтву паміж рознымі канфесіямі і рэлігіямі».
Асобна іерарх падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва Каталіцкага Касцёла ў Беларусі з Праваслаўнай Царквой:
«Разам з Праваслаўнай Царквой і прадстаўнікамі іншых пратэстанцкіх канфесій мы кожны год праводзім экуменічную сустрэчу падчас Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. Католікі, праваслаўныя і лютэране з’яўляюцца членамі Міжнароднай групы паяднання паміж Беларуссю, Украінай, Польшчай і Германіяй.
Вельмі важнай падзеяй як для Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, так і для ўсёй краіны стаў IV Каталіцка-Праваслаўны Форум, які меў месца ў Мінску ў чэрвені 2014 г.
Ён стаў пацвярджэннем таго, што Беларусь мае рэсурсы для арганізацыі вялікіх міжнародных канферэнцый, а таксама добрыя адносіны паміж рэлігійнымі арганізацыямі і дзяржавай».
Зварот беларускага іерарха цалкам тут››
«Выказваю надзею, што прабыванне старшынь Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ў Мінску дапаможа ім лепей пазнаць жыццё і рэальнасць Касцёла, экуменічныя адносіны і адносіны з дзяржавай, а таксама традыцыі беларускага народа.
Яшчэ раз дзякую і ўжо сёння загадзя кажу: “Вітайце ў Мінску”», — заключыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
(IL)