20 жніўня пасля прыбыцця ў санктуарый у Кальварыі-Зэбжыдоўскай пад Кракавам Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў запрошаны ўзначаліць святую Імшу ў вігілію адпусту Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
У Кальварыю-Зэбжыдоўскую беларускага іерарха запрасілі прамовіць гамілію падчас Імшы 21 жніўня на завяршэнне трываючых увесь тыдзень адпустовых урачыстасцяў у гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Просьба ж Мітрапаліта Кракаўскага кардынала Станіслава Дзівіша ўзначаліць вігілійную Імшу была для арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча нечаканасцю.
У гаміліі беларускі арцыпастыр, узгадваючы праўду веры пра Унебаўзяцце Панны Марыі з душой і целам у нябесную славу, засяродзіўся на фацімскіх аб’яўленнях, юбілей 100-годдзя якіх свет будзе адзначаць у наступным годзе, і ролі ў іх ажыццяўленні сына кракаўскай зямлі св. Яна Паўла ІІ. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што, калі падчас жорсткага пераследу веры многія апусцілі рукі і страцілі надзею на навяртанне былога Савецкага Саюза і іншых камуністычных краін, заставаўся Ян Павел ІІ, які даверыў сваё служэнне Марыі.
Арцыбіскуп нагадаў шматлікім прысутным вернікам, што пасля ахвяравання свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі 25 сакавіка 1984 г. у СССР пачаўся час перабудовы, які завяршыўся распадам Краіны Саветаў і дасягненнем свабоды веравызнання. Мітрапаліт дадаў, што ў гэтыя дні адзначаецца 25-годдзе путчу ў Маскве, мэтай якога было затрымаць дэмакратычныя перамены. Знамянальным арцыпастыр назваў тое, што путч праваліўся 22 жніўня 1991 г., ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы. Беларускі іерарх таксама нагадаў аб тым, што ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў 1991 г. у Віскулях пад Брэстам была падпісана дэкларацыя аб распадзе СССР. Гэта, па словах Мітрапаліта, знак абяцанага ў Фаціме трыумфу Сэрца Марыі і навяртання да Бога.
Арцыбіскуп падкрэсліў, што атрыманая свабода веравызнання сёння знаходзіцца ў небяспецы ўжо па віне самога чалавека, які сам адракаецца ад Бога. Таму, адзначыў іерарх, «у наш час патрэбны сведкі Евангелля і хрысціянства, каб перамагчы крызіс веры і несці маральныя каштоўнасці ў свет».
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў вернікам «ісці праз Унебаўзятую Марыю да Езуса, які ёсць дарогай, праўдай і жыццём».
(DN), (AG)