14 жніўня па дарозе ў Святую Ліпку (Польшча) Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў касцёле св. Адальберта ў Калінінградзе.
У гаміліі, разважаючы над чытаннем Евангелля гэтай нядзелі, Мітрапаліт адзначыў, што яно можа здавацца дзіўным, «бо Хрыстус кажа, што прынёс на зямлю не мір, а раздзяленні».
Тлумачачы гэты ўрывак Евангелля, іерарх прывёў гісторыю былога арцыбіскупа Парыжа кардынала Жана-Мары Люсціжэ, які нарадзіўся ў яўрэйскай сям’і, але потым прыняў каталіцызм, хоць гэта ў яго сям’і лічылася здрадай іўдаізму. Яго бацькі моцна пакутавалі ад такога рашэння сына, але пасля таго, як прывялі яго да рабіна, якому ён патлумачыў, чаму Хрыстус — гэта чаканы Месія, згадзіліся з ягоным, а таксама яго сястры, прыняццем каталіцкай веры.
«Сям’я Люсціжэ — гэта прыклад раздзялення, якое прынёс Хрыстус, — сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Мараль заключаецца ў тым, што мы павінны прытрымлівацца вучэння Хрыста, нават калі гэта пагражае раздзяленнямі. Вера ў Бога павінна быць на першым месцы ў нашым жыцці, і ніякія тэндэнцыі паліткарэктнасці не могуць яе пахіснуць».
Іерарх дадаў, што «ўсе мы аддаем перавагу адзінству і міру», «аднак многім не падабаецца тое, што хтосьці сустрэў Хрыста і кардынальна змяніў сваё жыццё». У выніку, па словах арцыпастыра, «узнікаюць раздзяленні, асабліва сярод сучаснай моладзі, калі не ўсе адэкватна ўспрымаюць веру або выбар свайго равесніка і змену яго жыцця».
Як падкрэсліў арцыбіскуп, сёння «нам неабходна яшчэ больш рупліва сведчыць наша хрысціянства, што нялёгка і што можа весці да раздзяленняў», і «трэба памятаць, што для перамогі злога духа дастаткова, каб мы нічога не рабілі, у духоўным сэнсе былі абыякавымі і прахалоднымі і з усім згаджаліся, нават са злом».
«Нам неабходна ісці за Хрыстом і заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, чаго б гэта ні каштавала», — дадаў іерарх. У якасці прыкладу Мітрапаліт узгадаў св. Максімільяна Кольбэ, якога Касцёл успамінае ў гэты дзень, і Панну Марыю, урачыстасць Унебаўзяцця якой будзе адзначацца 15 жніўня і якая, «прыняўшы Божую волю, заўсёды заставалася ёй верная».
«Няхай па прыкладу Марыі і св. Максімільяна Кольбэ жывым будзе наша хрысціянскае сведчанне, якое здольнае навяртаць у веру многіх і ўмацоўваць яе», — пажадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
(AG)