Да святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
У Год Міласэрнасці звяртаюся да вас з заахвочваннем да малітвы аб цвярозасці, а таксама аб паўстрыманні ад алкагольных напояў у месяцы жніўні — часе асаблівага малення аб цвярозасці нашага народа.
Звяртаюся да вас у сувязі з непакоячай сітуацыяй надмернага спажывання алкагольных напояў. У сувязі з павелічэннем колькасці месцаў гандлю алкаголем у свеце назіраецца яго спажыванне часам у вялікіх колькасцях асабліва сярод моладзі. Даходзіць інфармацыя аб розных аферах, звязаных з нелегальнай вытворчасцю і продажам алкагольных вырабаў. Здараюцца выпадкі продажу алкаголю дзецям, непаўналетнім і нецвярозым асобам.
Надужыванне алкаголю, хваробы па прычыне алкагольнай залежнасці і іх наступствы маюць не толькі этычны аспект, але таксама грамадскае вымярэнне. Празмернае ўжыванне алкаголю прыводзіць да псіхічных парушэнняў, росту колькасці злачынстваў, аварый на дарогах, непрысутнасці і няшчасных выпадкаў на працы, а самае горшае — да распаду сем’яў, з-за чаго найбольш пакутуюць дзеці.
Прычыны спажывання алкаголю маюць індывідуальны, грамадскі і эканамічны характар. Яны абумоўлены слабасцю чалавечай натуры, сямейнымі цяжкасцямі, дрэннымі звычаямі. Існуе паўсюдны звычай спалучэння сямейных і сяброўскіх сустрэч з празмерным піццём алкаголю. Неаднойчы чалавека змушаюць піць.
Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, за 2011 г. у выніку перадазіроўкі алкаголю ў свеце памерла 2,5 мільёны чалавек, што складае 4% ад колькасці ўсіх смяротных выпадкаў. Гэта больш смерцяў, чым ад СНІДу ці туберкулёзу.
Год Міласэрнасці, які мы перажываем, абавязвае нас да выпраўлення і да выхаду з нашых грахоў і слабасцяў.
Я скіроўваю да ўсіх дыяцэзіян заклік паўстрымацца ад алкаголю на працягу жніўня, а таксама зменшыць яго спажыванне і прапаганду. Асабліва гэта датычыць святкаванняў у коле сям’і з нагоды юбілеяў ці іншых важных датаў. Мы нікому не прычынім шкоды, калі з той ці іншай урачыстасці вернемся дадому цвярозымі і тым самым станем папулярызатарамі культуры цвярозасці.
З боку Касцёла пастаянна прадпрымаюцца душпастырскія захады на карысць цвярозасці, што з’яўляецца істотным аспектам клопату пра дабро кожнай асобы і ўсяго народа. Касцёл усведамляе выключную складанасць і цяжкасць гэтага задання. Таму запрашаем усе зацікаўленыя асяроддзі, грамадскія групы і спецыяльныя ўстановы да сумесных намаганняў дзеля цвярозасці нашага грамадства.
Усіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі на месяц цвярозасці з сэрца благаслаўляю.
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Шаноўныя святары няхай абвесцяць вернікам гэты ліст у нядзелю 31 ліпеня на кожнай святой Імшы і размесцяць яго на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на ўвесь месяц жнівень.
Пастырскі ліст біскупа Антонія Дзям’янкі на месяц цвярозасці — жнівень 2016
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .