Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!
Радасныя святкаванні cярэбранага юбілею заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якія ўзначаліў спецыяльны пасланнік Святога Айца Францішка Яго Эмінэнцыя арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн ОР, былі азмрочаны рашэннем дзяржаўных уладаў аб неўзгадненні душпастырскай дзейнасці трох святароў з Польшчы:
дамініканіна а. Рамана Шульца OP — пробашча парафіі Св. Казіміра ў Магілёве, канвентуальнага францішканіна а. Леха Баханэка OFM Conv — пробашча парафіі Св. Міхала Арханёла ў Івянцы, аблата а. Ежы Катоўскага OMI — пробашча парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і св. Крыштафа ў Калодзішчах (Мінскі р-н).
11 ліпеня г.г. я разам з біскупскім вікарыем для Магілёўскай вобл. Яго Эксцэленцыяй біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB сустрэўся з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Леанідам Паўлавічам Гулякам з мэтай высветліць прычыну адмовы для служэння вышэйзгаданым святарам і прасіць дазволу для іх працягнуць сваё служэнне.
Аднак з вялікім жалем павінен паведаміць, што мы не даведаліся аб канкрэтных прычынах такога рашэння і пачулі рашучую адмову магчымасці іх далейшага служэння ў Беларусі.
Гэтыя святары доўга і вельмі плённа служылі вернікам Беларусі — будавалі і рамантавалі касцёлы, катэхізавалі, займаліся хрысціянскім выхаваннем дзяцей і моладзі, дабрачыннасцю і г.д. Дастаткова толькі паглядзець на касцёл св. Міхала Арханёла ў Івянцы, які дзякуючы намаганням а. Леха Баханэка OFM Conv са знішчанага паўстаў нанова як шэдэўр сакральнай архітэктуры! А колькі дзяцей штодзённа прыходзіць на зробленую ім пры касцёле пляцоўку для іх! А якія магчымасці ён стварыў юнакам, дзяўчатам і дарослым займацца спортам і весці здаровы лад жыцця! Не толькі ў Беларусі, але і далёка па-за яе межамі вядомыя арганізаваныя ім Дні моладзі, «Музычныя майстэрні» і Парафіяды!
Ад усяго сэрца падзякуем гэтым святарам за іх адданую і ахвярную працу па адраджэнні Касцёла ў Беларусі і памолімся аб благаслаўленні на іх далейшае служэнне на хвалу Бога і для збаўлення людзей.
Маючы на ўвазе, што такое рашэнне дзяржаўных уладаў — гэта вельмі вялікая страта для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прашу маліцца аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця.
Звяртаюся таксама да вас, дарагія юнакі: калі вы чуеце голас клічучага да святарства Хрыста, адважна адкажыце на яго словамі прарока Ісаі: «Вось я, Пане, пашлі мяне». Адкажыце, бо ізноў Касцёл знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі, і дапамагачы выйсці з яе могуць новыя пакліканні.
З малітвай
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 13 ліпеня 2016 г.
P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае паведамленне вернікам 17 ліпеня 2016 г.