Пошук

23.06.2016 19:56  

23 чэрвеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў на V Усебеларускім народным сходзе, які прайшоў у Мінску.

Арцыпастыр нагадаў у сваёй прамове, што традыцыя правядзення ўсенароднага абмеркавання жыцця грамадства і яго праблем «бярэ свой пачатак яшчэ з часоў Старога Запавету» і што «на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва народныя сходы адыгрывалі значную ролю ў жыцці грамадскіх супольнасцяў».

«Будучы неад’емнай часткай нашага народа, Каталіцкі Касцёл заклікае будаваць грамадскае жыццё на фундаменце хрысціянскіх маральных каштоўнасцяў і яго сацыяльнага вучэння. Дзейнасць Касцёла накіравана на ўзмацненне стабільнасці, сацыяльнай справядлівасці, незалежнасці, супокаю і міжканфесійнага дыялогу ў нашай краіне», — падкрэсліў іерарх.

«У гэтай зале мы чуем выказванні пра радасці і цяжкасці, пра тое, што нас цешыць і што прыносіць сум. Нам усім, дзяржаўным дзеячам, простым грамадзянам і рэлігійным лідарам, трэба прыслухоўвацца да голасу народа сэрцам, каб чыніць усё магчымае для развіцця нашай Бацькаўшчыны», — звярнуў увагу арцыбіскуп.

Па словах Мітрапаліта, «можна заўважыць, што ў апошнія гады дзеянне Каталіцкага Касцёла было і застаецца накіраваным на здзяйсненне вышэйзгаданых мэтаў», аб чым «вельмі добра сведчаць сустрэчы кіраўніка нашай дзяржавы з Папам Рымскім Бэнэдыктам XVI і нядаўняя сустрэча са Святым Айцом Францішкам у Ватыкане». «Усё гэта стварае новыя масты для ўзаемадзеяння ў розных сферах для дабра грамадства», — дадаў іерарх.

Мітрапаліт адзначыў, што ў гісторыі Беларусі значную ролю ў жыцці і развіцці грамадства адыгрывала хрысціянства, перад усім Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква. «Сёння, калі ў сучасным свеце адбываюцца шматлікія канфлікты на рэлігійнай ці нацыянальнай аснове, мы дзякуем Богу, што ў Беларусі ўсе хрысціянскія канфесіі і нехрысціянскія рэлігіі на працягу стагоддзяў існавалі і працягваюць мірна існаваць, а міжнацыянальная і міжрэлігійная згода даюць добры імпульс для духоўнага і грамадскага развіцця», — сказаў арцыбіскуп.

Іерарх нагадаў таксама, што сёння неабходна «вярнуцца да духоўных каштоўнасцяў і на іх будаваць нашу будучыню». «Неабходна звярнуць самую сур’ёзную ўвагу на выхаванне моладзі на маральных прынцыпах. Трэба клапаціцца аб захаванні сям’і як галоўнай клеткі і падмурку кожнага грамадства, аб абароне бясцэннага Божага дару жыцця, аб выкараненні алкагалізму, наркаманіі і іншых паталогій, аб фізічна і маральна здаровым ладзе жыцця», — дадаў Мітрапаліт.      

Арцыпастыр заклікаў дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу «слухаючым сэрцам звярнуць увагу на праблемы нашага грамадства, асабліва засяродзіцца над праблемай яго маральнага аздараўлення, умацавання сям’і, развіцця культуры на духоўных каштоўнасцях і будавання будучыні на маральных прынцыпах».

Іерарх дадаў, што рэлігійным арганізацыям неабходна далейшая дапамога дзяржавы, і выказаў надзею на «развіццё ўзаемадзеяння ў гэтай галіне з мэтай вырашэння хвалюючых нас і наша грамадства праблем».

«Мы ўсе адказныя за будучыню нашай Бацькаўшчыны, і нам не дазволена таптацца на месцы. Таму без боязі і аглядак назад неабходна ісці наперад, заўсёды ставячы ў цэнтры дабро чалавека», — падвёў выснову арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

(AG)

Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.