Працягваецца ўдзел Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў святкаванні 25-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Расіі і 25-годдзя біскупскай сакры ардынарыя дыяцэзіі Перамянення Пана ў Навасібірску біскупа Юзафа Верта.
17 і 18 чэрвеня Мітрапаліт узначаліў святыя Імшы ў навасібірскай катэдры.
У гаміліі 17 чэрвеня іерарх засяродзіў увагу на евангельскіх чытаннях аб тым, што трэба больш клапаціцца пра скарб у небе, а не на зямлі. «У савецкія часы ўлады толькі і клапаціліся пра матэрыяльныя каштоўнасці, забываючыся пра духоўныя, — заўважыў арцыпастыр. — Нічога з гэтага не выйшла. Сёння мы ізноў наступаем на тыя ж граблі, бо ў часы свабoды веравызнання ізноў больш клапоцімся пра матэрыяльныя каштоўнасці, а не пра духоўныя».
Мітрапаліт заклікаў прысутных памятаць аб уроках гісторыі і не паўтараць памылак. Па словах арцыбіскупа, неабходна клапаціцца пра матэрыяльныя каштоўнасці, але яны не павінны заняць месца Бога, павінны служыць лепшаму пазнанню Бога і Евангелля, а не весці ад іх.
18 чэрвеня цэлебравалася Імша ў гонар Маці Божай Фацімскай як знак удзячнасці за прадказанае Ёй амаль 100 гадоў таму адраджэнне. У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў фацімскія аб'яўленні прароцтвам, якое давала моц вытрываць падчас ганенняў. Іерарх указаў таксама на прыклад «Fiat» Панны Марыі — згоды з Божай воляй як гарантыі шчасця.
Арцыпастыр заклікаў і да таго, каб, нягледзячы на прашэсце амаль што стагоддзя ад часу фацімскіх аб'яўленняў, прытрымоўвацца іх, бо яны актуальныя і сёння. «Калі будзем маліцца і навяртацца, то і Бог будзе нам благаслаўляць», — дадаў Мітрапаліт.
(DN), (AG)