13 чэрвеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з нагоды 35-годдзя свайго прэзбітэрскага пасвячэння ўзначаліў святую Імшу ў сваёй роднай парафіі ў Адэльску падчас папулярнага фэсту св. Антонія, часта званага адэльскім.
Эўхарыстыю канцэлебравалі з арцыпастырам дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, ксяндзы прэлаты Андрэй і Юрый Стэцкевічы, якія ў гэтым годзе таксама адзначаюць 35-годдзе свайго прэзбітэрскага пасвячэння, і святары з навакольных парафій.
На пачатку Імшы Мітрапаліт прывітаў усіх прысутных вернікаў і пілігрымаў. Іерарх падзякаваў сваім спачылым бацькам за перададзены Божы дар жыцця і каталіцкае выхаванне ў часы ганенняў, падзякаваў трагічна памерлай сястры за добры прыклад жыцця паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў і імкнення да пастаўленай мэты. Таксама Мітрапаліт падзякаваў усёй адэльскай парафіі, дзе, па яго словах, усё распачалося, адкуль будучы арцыпастыр пайшоў у жыццё. Пры гэтым арцыбіскуп Кандрусевіч, які, як вядома, вельмі любіць ровар, узгадаў, што, калі яго сям’я пераязджала ў 1961 г. у Гродна, то ён на новае месца жыхарства паехаў на машыне на двух колах.
Арцыбіскуп папрасіў праз заступніцтва св. Антонія маліцца ў яго інтэнцыі і інтэнцыі ксяндзоў прэлатаў Андрэя і Юрыя Стэцкевічаў, якія таксама святкуюць 35-годдзе святарства.
Гамілію прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Пасля Імшы на плошчы перад касцёлам адбылася традыцыйная эўхарыстычная працэсія.
На заканчэнне Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў біскупам і святарам, якія прынялі ўдзел ва ўрачыстасці. З асаблівай падзякай іерарх звярнуўся да пробашча парафіі кс. Віталія Унароўскага і парафіян за арганізацыю набажэнства. Арцыбіскуп падзякаваў таксама прадстаўнікам дзяржаўнай улады і ўсім прысутным.
Мітрапаліт нагадаў, што з парафіі ў Адэльску выйшла ажно трое біскупаў, што кажа пра яе вялікі духоўны патэнцыял. Арцыпастыр пажадаў, каб гэты патэнцыял праз заступніцтва святога Антонія «станавіўся ўсё большым», каб адэльская парафія і надалей была «сведкай збаўчага Евангелля і бязмежнай Божай міласэрнасці, а людзі, якія згубілі веру, знаходзілі яе тут».
(DN), (AG)