5 чэрвеня ў парафіі Св. Станіслава, біскупа і мучаніка, у Вялікай Дамброве каля Высокага Мазавецкага (Польшча) адбыліся ўрачыстасці з нагоды залатога юбілею святарства а. Веслава Глэмбоцкага OFM Conv, які паходзіць з гэтай жа парафіі.
У 1989-2013 гг. айцец Веслаў Глэмбоцкі працаваў у Беларусі ў парафіях у Івянцы, Пяршаях, Камені, Цеснавой, а таксама выконваў функцыі суддзі касцёльнага трыбуналу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Акрамя юбіляра ў ёй прынялі ўдзел а. Юзаф Макарчык, а. Томаш Лях, які 15 гадоў працаваў у Валожыне, кс. прэл. Андрэй Стэцкевіч, а. Лех Баханэк з Івянца, марыёлаг і дагматык а. праф. Цэлестын Напюркоўскі з Непакалянава.
![]()
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі падзякаваў юбіляру за ахвярнае служэнне. Іерарх адзначыў, што ў цяжкія гады, калі не было святароў, а. Веслаў адзін з першых прыйшоў з дапамогай Касцёлу ў Беларусі.
Таксама, спасылаючыся на вучэнне св. Яна Паўла II, Мітрапаліт падкрэсліў, што пакліканне з’яўляецца Божай таямніцай і дарам пакліканаму і народу, да якога ён пасланы. Арцыпастыр дадаў, што такім дарам беларускім вернікам быў айцец Веслаў.
![]()
Напрыканцы Імшы вернікі цёпла павіншавалі юбіляра, свайго земляка. Ад імя беларускіх католікаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уручыў яму абраз Божай Маці.
(DN)
Фота Марка Сенькоўскага







