Пошук

03.06.2016 19:44  

3 чэрвеня ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса вечаровую святую Імшу ў мінскай архікатэдры ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Гэты дзень быў адметны і тым, што ў Касцёле ў Беларусі ён стаў «Днём перапрашэння».

Паводле слоў арцыпастыра, правядзенне Дня пакаяння за асабістыя грахі і грахі народу ў гэты дзень з’яўляецца «выражэннем нашай удзячнасці Богу за дар свабоды веравызнання і выражэнне любові да яго».

«Колькі нашых асабістых грахоў абразілі Бога? Колькі святыняў было знішчана? Колькі святых месцаў зняважана? Колькі сем’яў разбіта? Колькі забойстваў ненароджанага жыцця? Колькі залежнасцяў ад алкаголю, наркаманіі, не згоднага з Божым правам сексуальнага жыцця і г.д.? — адзначаў Мітрапаліт.

Іерарх дадаў, што кожны з’яўляецца грэшнікам і кожны патрабуе навяртання.

«Мы не аднойчы дасведчылі ласку Божай міласэрнасці і навяртання. Але як мы адносімся да нашых братоў і сясцёр, якія адыйшлі ад Бога? Ці спяшаемся з дапамогай? Найсвяцейшае Сэрца Езуса заклікае да гэтага», — заключыў арцыбіскуп.
У сваёй гаміліі Мітрапаліт звярнуўся да вучэння Святога Айца Бэнэдыкта XVI , які казаў, што «на бязмежную любоў Сэрца Езуса, неабходна адказваць падобнай любоўю да іншых і нават да грэшнікаў».

«Ці мы гатовы да гэтага? Ці ўмеем прабачаць нашым грэшнікам, як аб гэтым молімся ў малітве “Ойча наш?”, — спытаў у прысутных іерарх. — Мы павінны ненавідзець грэх, але не грэшніка. Успомнім словы Езуса з дрэва крыжа: “Ойча, даруй ім, бо не ведаюць што чыняць!”».

Знакам бязмежнай Божай любові і міласэрнасці назваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 25-годдзе свабоды веравызнання ў Беларусі і адраджэння каталіцкіх структур на беларускіх землях.

Як адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, «адносна практыкі Божай міласэрнасці мы не павінны быць статычнымі» і не павінны думаць толькі пра сябе.

Тэкст гаміліі цалкам можна паглядзець ТУТ››

«Дасведчыўшы ласку Божай Міласэрнасці, неабходна ёю дзяліцца з іншымі, быць яе носьбітамі, у сучасным свеце, поўным эгаізму», — нагадаў Мітрапаліт.

Пасля Імшы адбылося адмысловае набажэнства перапрашэння «за знявагу святыняў, духоўных асобаў, за грахі вернікаў і ўсялякае зло беларускага народа».

(IL)

Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа