Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, каментуючы свой удзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату 16-19 мая, распавёў Catholic.by пра ролю свецкіх падчас працы епіскапату.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прысутнічаў на пасяджэнні епіскапату ў Італіі ў якасці запрошанага госця. У дакладзе, зачытаным на пасяджэнні, беларускі іерарх праінфармаваў італьянскіх сабратоў пра трохгадовую пастырскую праграму падрыхтоўкі да 100-годдзя аб’яўленняў Божай Маці ў Фаціме.
«У Італіі адна з найбуйнейшых Канферэнцый Біскупаў у свеце (налічвае 423 біскупа – заўв. рэд.). І гледзячы на яе працу, найперш назіраеш, як гэта канферэнцыя працуе і вучышся, — адзначыў Мітрапаліт. — Нам (беларускаму епіскапату – заўв. рэд.) трэба яшчэ многа вучыцца, бо італьянскі епіскапат працуе як швейцарскі гадзіннік».
Біскупы і свецкія
На пытанне Catholic.by аб працы свецкіх у сакратарыяце італьянскай Канферэнцыі Біскупаў, арцыбіскуп дадаў, што сапраўды сустракаў свецкіх, якія дапамагалі ў працы епіскапату.
«Зала Сіноду такая, што там яшчэ ёсць памяшканне, дзе працуе сакратарыят. Калі, скажам, трэба штосьці раздрукаваць, звяртаюцца туды. Там працуюць як святары, так і свецкія, але я дакладна не ведаю, якія функцыі там выконваюць свецкія, — заўважыў арцыпастыр».
Каментуючы ўвядзенне удзел свецкіх у працы епіскапату ў Беларусі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што пакуль канферэнцыя не такая маштабная, каб прасіць дапамогі ў свецкіх для арганізацыі яе пасяджэнняў:
«Як будзе большая канферэнцыя і будзе больш гэтых патрэбаў, можа, і будзе штосьці. На сёння станоўча сказаць што-небудзь я не магу. Сёння ёсць, як ёсць», — сказаў іерарх.
«Бо напрыклад ёсць канферэнцыі, дзе сакратар канферэнцыі — просты святар. Так запісана ў статуце. Усё залежыць ад статуту канферэнцыі, — удакладніў Мітрапаліт.
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі была створана ў 1999 г. Яе першым старшынёй быў абраны святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк. Сёння ў беларускі епіскапат уваходзіць восем біскупаў.