27 мая новапрэзбітэр кс. Аляксей Паплёўка MSF цэлебраваў сваю першую святую Імшу ў роднай парафіі Святога Казіміра ў Лагойску. Прэзбітэрскае пасвячэнне кс. Аляксей атрымаў 20 мая ў супольнасці Місіянераў Святой Сям’і з рук біскупа Веслава Мерынга ў Польшчы.
За 18 гадоў існавання касцёла гэта другое пакліканне да манаскага жыцця і першае да святарскага служэння. Таму прыміцыйная святая Імша — першая ў гісторыі парафіі — стала сапраўднай радасцю для супольнасці і нагодай для ўдзячнасці Богу, які кліча і дапамагае ісці абраным шляхам, нягледзячы на розныя цяжкія абставіны жыцця. Падзяка належыць і бацькам, якія выхавалі свайго сына і перадалі яму веру. Менавіта сваім бацькам — Уладзіміру Антонавічу і Валянціне Адольфаўне — кс. Аляксей першым удзяліў сваё прыміцыйнае благаслаўленне.
У святочнай Імшы прымалі ўдзел сабраты манаскай супольнасці Місіянераў Святой Сям’і. Ксёндз Рышард Пежхала MSF, некалі першы пробашч лагойскай парафіі, падчас казання ўзгадаў дзяцінства і юнацтва кс. Аляксея Паплёўкі, прыгадаў сваю радасць, калі даведаўся, што юнак вырашыў адказаць на пакліканне і назаўсёды звязаць свой лёс з кангрэгацыяй Святой Сям’і, і заклікаў новапрэзбітэра да ахвярнага служэння Богу і людзям.
Ксёндз Аляксей Паплёўка, у сваю чаргу, звярнуўся да прысутных са словамі падзякі за падтрымку і малітву, а таксама адзначыў: «Я з упэўненасцю магу сказаць, што гэта маё!»
Парафіяне пажадалі новапрэзбітэру, каб кожны дзень святарскай паслугі быў поўны радасці і супакою, побач былі зычлівыя людзі, а добры Бог, які паклікаў кс. Аляксея да святарства, умацоўваў яго.
Урачыстая святая Імша, прыміцыйнае благаслаўленне, пажаданні і віншаванні ад сяброў і моладзі, бацькоў і блізкіх людзей, прыгожы спеў гурта Laudans зрабілі гэты дзень выключным не толькі для кс. Аляксея Паплёўкі, але і для ўсіх парафіянаў касцёла святога Казіміра.
Алена Антаневіч
Фота Леаніда Загорскага