Пошук

13.03.2017 16:10  

12 сакавіка ў другую нядзелю Вялікага посту біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, а таксама сустрэўся з вернікамі іншых парафій Вілейшчыны.

На працягу дня дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі разам з пробашчам вілейскай парафіі кс. Аляксандрам Барылам і вікарыем кс. Юзафам Сярпейкам наведваў парафіі, у якіх нясуць служэнне вілейскія святары.

Першым месцам візіту іерарха стала парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Максімільяна Кольбэ ў Куранцы. Біскуп наведаў мясцовую капліцу, дзе прамовіў гамілію і ўдзяліў сакрамэнт пакаяння. Іерарх заахвоціў вернікаў вучыцца давяраць Богу, «выходзіць са сваёй зямлі па прыкладу Абрагама» і з верай адказваць на Божае пакліканне.

У гэты дзень іерарха вітала таксама парафія Божай Міласэрнасці ў Любані, вернікі якой папрасілі біскупа ўдзяліць Божае благаслаўленне на далейшае развіццё парафіі. Іерарх выказаў радасць, што вернікі збіраюцца на супольную малітву і пажадаў ім ніколі не пакідаць Езуса, надалей умацоўваць веру і перадаваць яе наступным пакаленням.


У Вілейцы дапаможны біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB цэлебраваў св. Імшу ў інтэнцыі вілейскай парафіі. Напачатку Эўхарыстыі біскуп выказаў радасць, што вера на гэтай зямлі развіваецца — у касцёле багата дзяцей і моладзі. У гаміліі іерарх заахвоціў вернікаў практыкаваць веру, усцяж імкнуцца адыходзіць ад сваёй грахоўнасці і крочыць да святасці. Біскуп падкрэсліў, што Божае слова жывое і дзейснае, здольнае перамяніць жыццё чалавека, які адкрывае на яго сваё сэрца. Іерарх заахвоціў парафіянаў падчас Вялікага посту замяніць інтэрнэт і тэлебачанне на чытанне і пазнаванне Святога Пісання.

Пасля Эўхарыстыі біскуп узначаліў набажэнства Крыжовага шляху, падчас якога разважалі пра святарскае жыццё і маліліся за святароў.

Наступным месцам візіту стала парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вязыні. Падчас сустрэчы з мясцовымі вернікамі біскуп Аляксандр распавёў пра сітуацыю Касцёла на Магілёўшчыне, узгадаў пра моцную веру людзей, якія жылі на тых землях, і душпастырскую працу, якую праводзяць святары ва ўсходняй частцы Беларусі сёння. Іерарх пажадаў мясцовым парафіянам не стамляцца быць руплівымі ў духоўным жыцці, даваць сведчанне малодшаму пакаленню, а таксама заахвоціў цаніць дар Божага дому і дбаць пра святыню.

Пасля Вязыні біскуп Аляксандр наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Іллі. Біскуп звярнуўся да вернікаў з навукай, а таксама служыў у сакрамэнце пакаяння і паяднання. Напрыканцы сустрэчы іерарх заахвоціў мясцовых парафіянаў маліцца аб пакліканнях і быць моцнымі ў веры.

Напрыканцы візіту на Вілейшчыну біскуп Аляксандр Яшэўскі падзякаваў вілейскай парафіі за падтрымку Касцёла на Магілёўшчыне, а таксама за малітоўную і матэрыяльную падтрымку кс. Андрэя Кеўліча і кс. Паўла Адамовіча, якія раней служылі ў вілейскай парафіі, а цяпер працуюць на Магілёўшчыне.

Таксама іерарх выказаў падзяку святарам з вілейскай парафіі — кс. Аляксандру Барылу і кс. Юзафу Сярпейку — за руплівую душпастырскую працу і ахвярнасць, з якой яны нясуць Езуса Хрыста шматлікім людзям, пакідаючы для свайго адпачынку ў нядзельны дзень толькі паўтары гадзіны вольнага часу.  

«Я не хаваю сваёй стомленасці, — адзначыў на заканчэнне дня біскуп Аляксандр, — але гэтая стомленасць вельмі радасная, бо я правеў цэлы дзень у святарскім служэнні пастыраў Вілейшчыны, сустрэўся тут з жывой супольнасцю вернікаў. Я вельмі высока ацаніў руплівае служэнне мясцовых святароў, я ўбачыў актыўнасць і глыбіню вернікаў. Я ўжо даўно не перажываў такога дня! Я з вамі быў шчаслівы!»

Кацярына Дурко (VGr)
Фота Кацярыны Дурко і Аксаны Бажко

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця