Пошук

30.01.2017 14:14  

27–28 студзеня пры парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў мінскім мікрараёне Серабранка праходзілі першыя Салезіянскія дні моладзі. Іх кульмінацыяй стала святкаванне 28 студзеня ўспаміну святога Яна Боско, на якое прыбылі прадстаўнікі салезіянскай сям’і з усіх салезіянскіх парафій Беларусі. Святую Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Рэгіянальны настаяцель кс. Віктар Гайдукевіч SDB прывітаў іерарха «як свайго сярод сваіх», і падкрэсліў, што праз асобу арцыбіскупа ўся салезіянская сям’я яднаецца з папам Францішкам.

Асоба святога Яна Боско для прыхільнікаў салезіянскай харызмы — не кумір, а вялікі прыклад, які яны імкнуцца наследваць. Ён — айцец і настаўнік моладзі, заснавальнік салезіянскай сям’і. Святы святар, які на першае месца заўсёды ставіў Бога. Апякуючыся маладымі людзьмі, св. Ян Боско не дазваляў ім затрымлівацца на любові да сваёй асобы, але праз гэтыя міжчалавечыя адносіны вучыў маладых любіць Бога, як гэта рабіў ён сам.

Асноўнымі слупамі жыцця ён лічыў Найсвяцейшы Сакрамэнт і пашану да Маці Божай Успамогі Хрысціянаў. Ён той, хто, прыпадабняючыся Хрысту, шукаў у самым «цяжкім» падлетку зерне дабрыні і засяроджваўся на яго ўзрастанні. Ён — майстар бачыць Божую прысутнасць у штодзённасці. Ён вучыў праз спаўненне сваіх абавязкаў ісці да святасці. Ён той, хто заклікае жыць настроем Пасхі і быць заўсёды радаснымі, каб супрацьстаяць злу, але пры ўмове, што гэтая радасць мае свае карані ў Богу, у частай споведзі і Эўхарыстыі, у свядомасці быцця Божымі дзецьмі, што не дазваляе адчуваць сябе самотнымі і смутнымі.

На гэтым таксама засяродзіў увагу вернікаў арцыбіскуп Габар Пінтэр падчас урачыстай святой Імшы ў гонар святога Яна Боско. Апостальскі Нунцый падзяліўся, што асоба святога вельмі блізкая яму. Іерарх пазнаёміўся з ім у сем гадоў, і калісьці на працягу трох гадоў таксама праходзіў святарскую фармацыю ў салезіянскім таварыстве і складаў там часовыя манаскія абяцанні. Ён распавёў, што заўсёды адзначае ўспамін святога Яна Боско, але ўпершыню святкуе яго разам з салезіянскай сям’ёй у якасці арцыбіскупа.

Распавядаючы пра святога, арцыбіскуп Габар падкрэсліў, што для яго святы Ян Боско — жыццёвы арыенцір, які не дазваляе збіцца са шляху да Бога.

Казанне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра ва ўрачыстасць св. Яна Боско ў Мінску.

Сярод галоўных духоўных аспектаў духоўнасці святога Яна Боско Апостальскі Нунцый выдзеліў радасць і надзею, служэнне адзінству Касцёла і любоў да Святога Айца, а таксама дыпламатычныя здольнасці.

Нунцый растлумачыў, што радасць і надзея, якія паходзяць ад глыбокіх адносін з Богам (і гэтыя словы — Gаudium et Spes — сталі дэвізам біскупскага служэння Яго Эксцэленцыі) — гэта тое, чым быў адметны святы Ян Боско: «Ён вучыць нас перажываць жыццё як свята, а веру — як шчасце». «Радасць — аснова нашай святасці. Свята з’яўляецца добрай магчымасцю для таго, каб навучыцца гэтай радасці, будаваць сяброўскія адносіны, развіваць свае таленты, несці радасць і надзею іншым», — дадаў іерарх.

Далей арцыбіскуп звярнуў увагу на святога Яна Боско-дыпламата, які часта быў пасрэднікам паміж Святым Пасадам і свецкай уладай у справе прызначэння новых біскупаў, пасрэднікам у заключэнні працоўных дагавораў паміж маладымі людзьмі і працадаўцамі. Як сапраўдны дыпламат ён умеў убачыць не тое, што раздзяляе, а тое, што аб’ядноўвае, і таму гэтыя перамовы і пасрэдніцтва мелі станоўчыя вынікі. Як падкрэсліў іерарх, святы быў заўсёды паслухмяны Пантыфіку і без ваганняў выконваў яго просьбы. Святы Айцец з’яўляўся для Яна Боско «гарантам сапраўднасці і аўтэнтычнасці веры, бачным знакам адзінства ўсяго Касцёла».

Завяршаючы казанне, арцыбіскуп звярнуўся да святога Яна Боско з просьбай навучыць нас з радасцю выконваць нашыя абавязкі і заўважаць любячую прысутнасць Бога ў штодзённым жыцці. «Святы Ян Боско, дапамагай нам будаваць адзінства Касцёла і любіць Святога Айца, нават тады, калі ўсе будуць супраць яго, барані нас ад дэструктыўнай крытыкі, дапамагай памятаць пра яго ў нашых малітвах. Святы Ян Боско, вучы нас быць дыпламатамі ад Бога ў будаванні Божага Валадарства», — сказаў Апостальскі Нунцый.

Напрыканцы святой Імшы рэгіянальны настаяцель ад імя ўсёй салезіянскай сям’і падзякаваў арцыбіскупу Габару Пінтэру за прысутнасць і супольную малітву і ўручыў ганароваму госцю падарунак — пладовае дрэва як сімвал салезіянскай сям’і, харызма якой у Беларусі жывая і прыносіць свой плён, але, як і любая жывая істота, патрабуе айцоўскага клопату.

Святкаванне ўрачыстасці працягнулася ў араторыі, дзе была прадстаўлена праграма «Дон Боско-шоў», і падрыхтавана святочная вячэра для ўсіх прысутных. Таксама ў межах праграмы прайшло ўзнагароджанне каманды пераможцаў і лепшых гульцоў турніру па мікра-футболе «Кубак Дона Боско VI». Медалі ім уручыў арцыбіскуп Габар Пінтэр.


Завяршылася ўрачыстасць спецыяльным благаслаўленнем сабраных праз заступніцтва Марыі Успамогі Хрысціянаў. Таксама Апостальскі Нунцый падрыхтаваў «слоўка на дабранач». Яго галоўная думка заключалася ў некалькіх парадах Святога Айца для дасягнення святасці. Каб дасягнуць святасці, прыкладам якой з’яўляецца святы Ян Боско і іншыя святыя, трэба памятаць, што: па-першае, святасць — гэта асабісты шлях у прысутнасці Бога, які ніхто іншы не можа прайсці за чалавека, святасць не дасягаецца раптоўна і патрабуе мужнасці. Па-другое, святасць — гэта ласка, нельга стаць святым самастойна, аб гэтай ласцы і гатоўнасці яе прыняць мы правінны прасіць Бога. І нарэшце, святасць не вядзе да неймаверных пакутаў, але з’яўляецца шляхам штодзённага навяртання.

Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску.

«Калі вы здольныя не гаварыць дрэнна пра іншага, вы гатовыя быць залічанымі да ліку святых. Маленькія рэчы... Я хачу пакрытыкаваць бліжняга: прыкусі крыху язык. Трошку напухне язык, але ваш дух узрасце ў святасці. Ніякіх надзвычайных пакутаў. Шлях да святасці просты, не вяртайцеся назад, але заўсёды рухайцеся наперад! Адвагі!» — заахвоціў іерарх.

Ірына Петрусевіч для sdb.by
(VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця