Пошук

07.01.2017 15:27  

7 студзеня ў мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы прайшла святая Імша і сустрэча з дзецьмі парафій Мінска і Мінскага раёна. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі іерарх распавёў пра гісторыю нараджэння Хрыста ў Бэтлеемскай стайні, адзначыўшы, што дзеці ахвотна ідуць да ясляў, каб радавацца ўсяму таму, што яны там бачаць, бо «нават не будучы знаёмымі, хутка знаходзяць агульную мову і становяцца сябрамі».


«Вельмі часта мы больш увагі звяртаем на знешні аспект святаў, а не на духоўны, — зазначыў Мітрапаліт. — Для некаторых свята Божага Нараджэння асацыюецца з наведваннем гасцей і сяброў. Для многіх людзей, а асабліва дзяцей, святы Божага Нараджэння — гэта падарункі. Але ці не забываемся мы пра народжанага Езуса?».

Як дадаў арцыбіскуп, захапляючыся падарункамі і прыгажосцю ёлкі, людзі, на жаль, размінаюцца з самым важным — з прышэсцем у свет Божага Сына. «А гэта і з’яўляецца сэнсам святаў Божага Нараджэння», — падкрэсліў арцыпастыр.

«Божае Нараджэнне — гэта не маскарад, а прышэсце Збаўцы ў свет»

У сувязі з гэтым іерарх прыгадаў гісторыю хлопчыка, які вельмі хацеў пайсці ў цырк. І калі ён атрымаў грошы на білет, то, перапоўнены хваляваннем, прыбег да цырка і быў у першых шэрагах, назіраючы, як цырк праходзіць па галоўнай вуліцы горада.


У канцы хлопчык падбег да дырэктара цырка і сказаў: «Якое прыгожае прадстаўленне» і пайшоў дамоў. Хлопчык так ніколі і не даведаўся, што гэта не было выступленне цырку, а толькі парад…

«Калі і мы не будзем асцярожнымі, то можам паўтарыць тую ж самую памылку, якую зрабіў хлопчык. Божае Нараджэнне — гэта не маскарад, а прышэсце Збаўцы ў свет, — падкрэсліў Мітрапаліт. — Мы можам захапляцца прыгажосцю ёлкі і падарункамі, але ў той жа час размінуцца з рэальным значэннем Божага Нараджэння — прышэсцем у свет Хрыста», — нагадаў іерарх.

Тэкст гаміліі цалкам ТУТ››

Дзеткі, акружыўшы арцыпастыра, разам адказалі на ўсе пытанні: і што ў цэнтры гэтага свята Езус — бо гэта Ён нарадзіўся і пастушкі ды каралі менавіта Яму неслі свае падарункі, і што ў стаенцы таксама Ён галоўны, хоць і зусім маленькі.


Звяртаючыся да маленькіх вернікаў, арцыбіскуп Кандрусевіч заахвоціў усіх разам папрасіць у Маленькага Езуса ласкі, «каб нас цешыла не толькі знешняе святкаванне, але і каб мы радаваліся таму, што сам Бог прыйшоў да нас, каб быць з намі і дапамагаць жыць праўдай праз малітву і любоў да бліжняга».

На заканчэнне Эўхарыстыі дзеці падзякавалі Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу за малітву і Божае слова, а таксама падарылі тое, што на іх думку, самае лепшае — цукеркі.

Пасля малітвы ў касцёле ўсе накіраваліся ў араторый імя св. Яна Боска, дзе дзяцей чакала вясёлае свята і дзяленне аплаткай. Падрыхтавала гэтае свята салезіянская супольнасць мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля — ксяндзы салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі і аніматары.


Напачатку «прыляцелі арханёлы». Потым прыйшлі «пастушкі», а за імі — «каралі». Усе разам і накіраваліся да стайні: са спевам, гульнямі і глыбокім усведамленнем — радасць на зямлі, бо нарадзіўся Збаўца.


На заканчэнне свята, перад уручэннем падарункаў (а іх раздалі амаль 250), арцыбіскуп распавёў дзеткам гісторыю, якая здарылася ў адной парафіі ў Вігілію Божага Нараджэння. Са стаенкі ў касцёле знік Немаўлятка Езус.


Святар не ведаў, што тут думаць і дзе шукаць фігурку. І раптам ён убачыў хлопчыка, які вёз чырвоную машынку, а ў ёй ляжаў Езус. Святар падышоў да хлопчыка і спытаў, як фігурка Езуса апынулася ў яго аўтамабілі.

Хлопчык распавёў, як ён хацеў атрымаць у падарунак чырвоны аўтамабіль, і таму моцна маліўся да Немаўлятка Езуса, просячы аб гэтым, і паабяцаў: «Езу, калі мне падораць машынку, абяцаю, што Ты будзеш у ёй першым пасажырам!»


Падсумоўваючы гэтую калядную гісторыю, Мітрапаліт пажадаў прысутным дзецям і іх бацькам, каб у іх сэрцах галоўным пасажырам заўсёды быў Бог.

(DN), (IL), (VGr)
фота Анастасіі Субач

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця