2 кастрычніка магілёўскую катэдру Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава наведалі ўдзельнікі ІІІ Нацыянальнага форума «Музеі Беларусі», які адбываўся ў гэтыя дні ў Магілёве.
Каштоўны помнік архітэктуры ХVII стагоддзя прыйшлі пабачыць Генеральны дырэктар Траццякоўскай галерэі ў Маскве Зельфіра Трэгулава і Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў. Суправаджалі гасцей намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка і загадчык Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Андрэй Кунцэвіч.
Гасцей прывітаў каля магілёўскай катэдры біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB разам з парафіянкай Аленай Барысавай, галоўным рэдактарам тэлеканала «Магілёў-2». Біскуп Аляксандр Яшэўскі і Алена Барысава распавялі гасцям пра гісторыю касцёла і паказалі старадаўнія фрэзкі, выгляд святыні перад тым, як за яе адбудову ўзялася каталіцкая супольнасць пад кіраўніцтвам тагачаснага пробашча кс. Уладзіслава Бліна, і сучасны выгляд святыні. Таксама госці з ахвотай паслухалі некалькі твораў арганнай музыкі.
Госця з Масквы Зельфіра Трэгулава была ў захапленні ад таго, што ўбачыла і пачула, а асабліва яе ўразіла сакральнасць атмасферы магілёўскай катэдры. «Будучы ў гэтым прыгожым і святым месцы, абавязкова пачынаеш задумавацца над вечным і духоўным», - сказала Генеральны дырэктар Траццякоўскай галерэі на развітанне.