Пошук


Уручэнне дыпломаў выпускнікам Тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля прайшло 18 чэрвеня ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены (Чырвоным). Упершыню дыпломы ўручаліся з рознымі кваліфікацыямі: катэхет і катэхет-кантар.

Урачыстасць распачалася святой Імшой з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў каледжа, якую ўзначаліў дырэктар гэтай навучальнай установы кс. д-р Ян Крэміс. Гамілію да прысутных скіраваў кс. Дзмітрый Барыла, выкладчык каледжа і куратар аднаго з курсаў.

У гаміліі святар прыгадаў уступныя экзамены сённяшніх выпускнікоў, калі на пытанне: «Чаму вы паступаеце ў каледж?», кожны з абітурыентаў адказваў па-свойму.

«Вельмі добрым адказам было імкненне лепш спазнаць Пана Бога, — сказаў святар. — Пан Бог — гэта той Гаспадар, якому мы павінны служыць праз сваё жыццё ў святасці».

Быць апосталамі Хрыста

Гаворачы пра вобраз пабожнага хрысціяніна ў сучасным свеце, кс. Дзмітрый Барыла адзначыў, што часта гэты вобраз у няверуючых людзей асацыюецца з карыкатурай святасці: сумны чалавек, які стаіць на каленях.

«Але быць святым — гэта праяўляць святасць у выкананні сваіх абавязкаў. Як кажа Папа Францішак, веруючы чалавек павінен быць радасным, — дадаў святар. — І разам з тым ён не павінен забывацца пра Пана Бога і служыць Яму».

Па словах святара, служэнне Богу – гэта здабыванне духоўных і матэрыяльных дабротаў для сябе: «Паверце Богу, і атрымаеце больш, чым можаце ўявіць. Чалавек які па-сапраўднаму верыць і давярае Богу, будзе несці свой крыж, пераадольваючы ўсе жыццёвыя цяжкасці».

Напрыканцы гаміліі ксёндз Дзмітрый Барыла заклікаў прысутных не занядбоўваць рахунак сумлення перад Богам і быць прыкладам хрысціянскай вернасці:

«Наша заданне ў тым, каб быць апосталамі Езуса Хрыста і тымі, хто верыць. Сваёй радасцю і верай мы будзем заахвочваць таксама іншых да хрысціянскага жыцця і шанавання хрысціянскіх каштоўнасцяў», — заключыў святар.

Святло свету і соль зямлі

Пасля святой Імшы ў дольнай частцы святыні прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў выпускнікам каледжа. Сёлета каледж скончылі 11 студэнтак, з якіх тры атрымалі дыпломы з падвойнай кваліфікацыяй катэхета і кантара.

«Сёлета ў каледжы навучалася 76 чалавек, большую ж частку студэнтаў склалі першакурснікі, якіх налічваецца 45», — адзначыў дырэктар каледжа кс. д-р Ян Крэміс.

Віншуючы выпускнікоў з атрыманнем дыпломаў, святар заахвоціў іх не забывацца пра сваю альма-матэр і запрасіў на святкаванне Юбілейнага Года Міласэрнасці катэхетамі, якое адбудзецца 22 кастрычніка.
Свята працягнулася адмысловай праграмай, падрыхтаванай студэнтамі-другакурснікамі каледжа, якія пажадалі выпускніцам быць святлом свету і соллю зямлі, уручыўшы кожнай з іх сімвалічныя соль і лямпачку.

Выказваючы словы падзякі, выпускніцы зачыталі адмысловую малітву верных, у якой згадалі ўсіх сваіх выкладчыкаў. Напрыканцы кс. Уладзіслаў Завальнюк, пробашч мінскага касцёла свв. Сымона і Алены, у катэхетычных класах якога і размяшчаецца тэалагічны каледж, удзяліў прысутным благаслаўленне, пажадаўшы, каб веды, атрыманыя выпускнікамі, неслі «радасную навіну і рабілі радаснымі сэрцы».

«Нам будзе не хапаць нашых выкладчыкаў і нашай дружнай групы, — адзначылі ў размове з Сatholic.by Алена Вежнавец і Алена Татун, сёлетнія выпускніцы. — За кожнага мы перажываем і кожным даражым. Веды, здабытыя ў каледжы, застануцца з намі і мы спадзяёмся памножыць іх у будучыні».

Уступная кампанія ў Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля на 2016/2017 навучальны год тым часам распачнецца ўжо 20 чэрвеня.

Ілья Лапато, фота Аляксандры Шчыглінскай


Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця