Пошук

01.04.2026 21:07   Паводле: grodnensis.by

З 27 па 29 сакавіка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшлі рэкалекцыі для юнакоў на тэму распазнання паклікання. У іх удзельнічала больш за 50 чалавек з розных дыяцэзій.

Паколькі рэкалекцыі адбыліся ў перыяд Вялікага посту, яны праходзілі пад назвай «Езус Хрыстус — мой Валадар, які насіў цярновы вянок».

Праграма першага дня ўключала святую Імшу, якая цэлебравалася за мір у свеце, за Касцёл, аб навяртанні грэшнікаў, за сем’і ўдзельнікаў рэкалекцый і аб тым, каб Езус Хрыстус у сваёй міласэрнасці дазволіў ім распазнаць пакліканне.

У гаміліі мадэратар прапедэўтычнага курса гродзенскай семінарыі закрануў тэму таго, кім павінен быць Езус для сучаснага хрысціяніна: адзіным Збаўцам, Сынам Божым і Чалавекам адным з людзей, Галавой Касцёла, Валадаром чалавечага жыцця, Тым, з каго трэба браць прыклад.

Пасля адбылася адарацыя крыжа, на якой удзельнікі рэкалекцый разважалі над любоўю Езуса, прынесенай Ім ахвярай і прабачэннем, якім Ён адарыў людзей.

Другі дзень пачаўся малітвай Ютрані і разважаннем над Святым Пісаннем. Яшчэ адным пунктам праграмы рэкалекцый была катэхеза, якую правялі студэнты семінарыі, закрануўшы тэму таго, чым для хрысціяніна павінен быць Касцёл і як ісці дарогай святасці ў штодзённым жыцці. Для юнакоў з іншых дыяцэзій была праведзена экскурсія па горадзе Гродна і яго святынях.

Таксама адбылася малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці ў інтэнцыях удзельнікаў рэкалекцый, за Касцёл на Беларусі, яго вернікаў і пастыраў. Потым юнакі мелі магчымасць паразмаўляць, згуляць у більярд і тэніс.

У той жа дзень з юнакамі сустрэўся біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які паразмаўляў з імі пра пакліканне і адносіны з Хрыстом, падзякаваў за ўдзел у гэтых рэкалекцыях, а тым з іх, хто з’яўляецца міністрантамі, — за служэнне пры алтары.

Маладыя людзі маглі задаць біскупу пытанні — яны датычылі яго паклікання, дзяцінства, часу вучобы ў школе і семінарыі, музычных захапленняў і заснавання музычнага гурту «Ave», які дзейнічае ў гродзенскай семінарыі. Быў зроблены супольны фотаздымак.

Вечарам юнакі ўдзельнічалі ў Імшы, якую цэлебраваў біскуп у гродзенскай катэдры, і Крыжовым шляху па вуліцах горада.

Нядзеля пачалася малітвай Ютрані і разважаннем над Божым словам, потым адбылася канферэнцыя «Як шанаваць ахвяру Хрыста ў штодзённым жыцці?». Канферэнцыя давала ўдзельнікам рэкалекцый магчымасць зрабіць рахунак сумлення: у яе межах гучалі пытанні пра жаданне размаўляць з Хрыстом у малітве, сустракацца з Ім у Эўхарыстыі, перапрашаць за свае правіны ў споведзі, слухаць Яго ў Божым слове.

Галоўным пунктам праграмы рэкалекцый стала Імша ў катэдры, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі, звярнуўшыся з гаміліяй да вернікаў і сярод іх да юнакоў, якія ўдзельнічалі ў рэкалекцыях. Па словах маладых людзей, рэкалекцыі пакінулі ў іх добрыя ўражанні і далі шчодрую «духоўную ежу» для разважанняў.

Абноўлена 02.04.2026 00:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа