
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе адмысловае Паведамленне у сувязі з адыходам у вечнасць Папы Францішка 21 красавіка.
Тэкст паведамлення для друку ТУТ>>>
У дзень Вялікадня Пан жыцця і смерці ўзяў да сябе нашага ўмілаванага Святога Айца Францішка. Дзякуем Пану Богу за яго жыццё, за руплівае і ахвярнае служэнне Касцёлу і ўсяму чалавецтву дзеля яго навяртання і збаўлення, а таксама за яго сведчанне любові да Бога і бліжняга.
Учора, падчас благаслаўлення «Гораду і свету» Папа Францішак пажадаў нам: «Няхай нашае жыццё будзе пасхальным». Гэтыя словы застануцца з намі як запавет: Няхай нашае жыццё будзе пасхальным – поўным веры, надзеі і любові.
Заахвочваючы святароў, кансэкраваных асобаў, увесь народ Божы Касцёла ў Беларусі да малітвы за душу Яго Святасці, мы давяраем нашага ўмілаванага Папу Францішка міласэрнаму Езусу, упэўненыя, як ён сам вучыў нас, што «ўсё адкрываецца ў міласэрнасці; усё вырашаецца ў міласэрнай любові Айца».
У жыцці Папы Францішка Вялікдзень ужо адбыўся, ён ужо належыць вечнасці, якую падараваў нам Бог.
Заахвочваю ўсіх да салідарнай малітвы за душу святой памяці Папы Францішка. Няхай Багародзіца, якую так шанаваў Пантыфік, разам з усімі святымі ўвядзе яго ў Дом Айца Нябеснага.
Regina caeli, laetare, alleluia...
З дарам малітвы,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 22 красавіка 2025 г.