Пошук

29.11.2024 16:16   Catholic.by
Фота: Samaranin.by

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе дзецям адмыcловы ліст на Адвэнт, які распачнецца сёлета 1 снежня.

Ліст арцыбіскупа Юзафа Станеўскага да дзяцей
на Адвэнт 2024 года

Дарагія дзеці, наймалодшыя вернікі нашай архідыяцэзіі!

Сёння мы з вамі ўступаем у асаблівы час — перыяд Адвэнту. Гэта час падрыхтоўкі да вялікага і светлага свята — Божага Нараджэння: Нараджэння Езуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцы. Як цудоўна, што мы зноў можам разам адзначаць гэты перыяд, які нагадвае нам пра любоў і міласэрнасць, пра надзею і радасць, якія прыносіць Сын Божы!

Адвэнт — гэта не толькі час чакання, але і час разважанняў.

Мы рыхтуем свае сэрцы, каб сустрэць нованароджанага Збаўцу. На працягу наступных амаль чатырох тыдняў давайце паспрабуем быць больш добрымі, уважлівымі да таты і мамы, да нашых братоў і сястрычак, да настаўнікаў, да тых, хто разам з намі вучыцца. Заахвочваю вас быць ветлівымі, добразычлівымі, навучыцца падчас Адвэнту клапаціцца адзін пра аднаго, каб разам усім нам было ўтульна, прыемна і радасна. Акрамя таго, у нашых касцёлах і дома мы будзем запальваць свечкі на адвэнтавым вянку. Кожны раз, калі мы будем запальваць новую свечку, давайце памятаць, што з кожнай свечкай у нашым сэрцы разгараецца святло, якое сыходзіць ад Хрыста. Гэтае святло дапамагае нам быць лепшымі, больш светлымі і радаснымі.

Мае дарагія сябры, гэты час чакання нараджэння Езуса Хрыста можна параўнаць з чаканнем падарунка, пра які вы вельмі марылі. А свечкі і тыя колеры, якія ўжываюцца ў касцёлах падчас Адвэнту, з’яўляюцца сімвалам радасці і надзеі.

Каб сапраўды святы Божага Нараджэння былі радаснымі, трэба, каб і духоўна мы падрыхтаваліся да іх. Як гэта зрабіць?

Пастарацца падрыхтаваць свае сэрцы да прыйсця Божага Дзіцяці праз малітву, добрыя ўчынкі, праз любоў і дапамогу бліжнім, старацца дапамагчы тым дзеткам і дарослым, якія, можа, цяпер хварэюць і чакаюць спачування ці суцяшэння, а можа, проста добрага слова ці вашай усмешкі. Магчыма, падчас Адвэнту вы нешта цікавае і карыснае прыдумаеце для сваёй сям’і ці сяброў, — дзеці столькі маюць незвычайных прыдумак і ідэй!

Любыя сябры, заахвочваю вас удзельнічаць у Раратах, калі раніцай з запаленымі ліхтарыкамі мы спяшаемся на святую Імшу ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Не лянуйцеся выйсці насустрач Езусу, удзельнічаючы ў Раратах: Маці Божая чакае кожнага з вас, каб падзяліцца радасцю чакання прыйсця Сына Божага на зямлю. І паверце, гэтае адчуванне таямніцы чакання застанецца з вамі на ўсё жыццё. Давайце зробім гэты Адвэнт часам радасці; часам, калі мы можам быць бліжэй да Бога і адзін да аднаго. І памятайце, што кожны ваш добры ўчынак — гэта падарунак, які вы робіце не толькі людзям, але і Пану Богу.

Любыя дзеткі, пры нагодзе хачу паддзякаваць усім тым, хто ўдзельнічаў у сусветнай ружанцовай малітве ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце.

Вось ужо пяты раз нашы маленькія вернікі далучыліся да сусветнай ініцыятывы «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы». Ваша малітва, дзеткі, як падкрэслівала Маці Божая ў Фаціме, мае вялікую моц, з вашых чыстых сэрцайкаў яна можа ўзносіцца проста да Бога і такім чынам змяняць свет да лепшага. Таму заахвочваю вас маліцца разам з бацькамі і вашымі роднымі на ружанцы. Няхай вашыя сэрцы напоўняцца любоўю і чаканнем прыйсця нашага Пана і Збаўцы!

З любоўю і благаслаўленнем на час адвэнтавай падрыхтоўкі, у імя Айца i Сына, i Духа Святога.

Ваш старэйшы сябра,

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 21 лістапада 2024 г., ва ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі

Абноўлена 30.11.2024 16:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.