29 верасня дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска ўпершыню цэлебраваў Эўхарыстыю ў якасці біскупа ў сваёй роднай парафіі Спаслання Святога Духа ў Бярозаўцы (Навагрудскі дэканат), а 1 кастрычніка — у Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Наймалодшы каталіцкі іерарх у Беларусі прыняў біскупскае пасвячэнне 7 верасня ў пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, пасля чаго разам з біскупам Уладзімірам Гуляем скіраваўся на фармацыйны курс для маладых іерархаў, які праходзіў у Рыме.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у нядзелю бярозаўскія вернікі, удзячныя Богу за тое, што зірнуў на іх парафіяніна і выбраў яго, каб зрабіць сваім апосталам, сустрэлі сына сваёй зямлі з радасцю і гонарам, са слязьмі ўзрушанасці.
Міністранты ў працэсіі правялі біскупа да брамаў святыні, дзе яго прывітаў пробашч ксёндз Андрэй Радзевіч. Пад спеў пра пакліканне яны разам увайшлі ў касцёл, дзе іерарха прывіталі дзеці.
У гаміліі на Імшы біскуп Зноска звярнуў увагу на каштоўны дар, якім назваў святыню. Таксама ён узгадаў пра прыгоды свайго дзяцінства, калі касцёла ў Бярозаўцы яшчэ не было.
Парафіяне, законныя сёстры, якія працуюць у парафіі з самага пачатку, і пробашч выказалі іерарху падзяку і найлепшыя пажаданні.
1 кастрычніка, ва ўспамін святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, панны і доктара Касцёла, супольнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне малілася разам з біскупам Андрэем Зноскам.
Іерарх упершыню цэлебраваў святую Імшу ў якасці біскупа ў капліцы гродзенскай Alma Mater, дзе сам праходзіў святарскую фармацыю і дзе цяпер выкладае.
На Эўхарыстыі сабраліся студэнты і выкладчыкі семінарыі. Свайго былога аднакурсніка па семінарыі прывітаў цяперашні рэктар МВДС у Гродне ксёндз канонік Віталь Вайцяхоўскі.
Біскуп прамовіў гамілію, у якой асаблівую ўвагу звярнуў на пакліканне і на тое, як важна слухаць голас Бога і спаўняць Яго волю.