22 верасня ў касцёле Божай Міласэрнасці ў Лідзе (Гродзенская дыяцэзія) адбылося ўрачыстае ўступленне на пасаду новага пробашча парафіі.
У сувязі з тым, што папярэдні душпастыр гэтай супольнасці, ксёндз канонік Андрэй Зноска, які прысвяціў ёй 12 гадоў свайго святарскага жыцця, быў менаваны дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прызначыў новым пробашчам парафіі ксяндза Паўла Астукевіча.
Літургічнае ўступленне на пасаду новапрызначанага пробашча парафіі адбылося падчас урачыстай нядзельнай святой Імшы ў прысутнасці вялікай колькасці вернікаў.
Дэкан Лідскага дэканата ксёндз Андрэй Роўба CRL афіцыйна прадставіў вернікам пробашча, зачытаўшы дэкрэт біскупа Кашкевіча.
Падчас урачыстасці, згодна са звычаямі і нормамі кананічнага права, ксёндз Павел Астукевіч даў публічнае вызнанне веры і паабяцаў годна выконваць свае абавязкі, служыць людзям і абвяшчаць Слова Божае ў парафіі Божай Міласэрнасці ў якасці пробашча.
Бачным знакам уступлення на пасаду стала сімвалічная перадача новаму пробашчу ключа ад касцёла.
Парафіяне прывіталі свайго новага душпастыра традыцыйна хлебам і соллю.
Прадстаўнікі парафіяльнай супольнасці і літургічнай службы алтара скіравалі святару шчырыя сардэчныя словы, запэўнішы яго ў сваёй добразычлівасці, і паабяцалі падтрымліваць у душпастырскім служэнні сваёй малітвай, дапамогай і працай.
Новапрызначаны пробашч парафіі, узрушаны такім сардэчным прыёмам, падзякаваў усім сабраным за цёплыя словы і паабяцаў, што зробіць усё магчымае, каб яго служэнне было плённым і спрыяла далейшаму духоўнаму развіццю парафіяльнай супольнасці.