21 жніўня Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, скіраваў віншаванне упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандру Румаку з нагоды 60-годдзя з дня нараджэння.
Шаноўны Аляксандр Аляксеевіч!
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ад сябе асабіста, святароў, манаскіх асоб, семінарыстаў і Божага народа Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне маю гонар выказаць самыя сардэчныя віншаванні з нагоды Вашага 60-годдзя.
Ад шчырага сэрца віншую Вас з днём нараджэння, які азначае пачатак новага года ў Вашым жыцці. Ніводзін год нашага жыцця не праходзіць бясследна, кожны з іх дае нам вельмі многае: жыццёвы вопыт і мудрасць, падтрымку і вернасць сяброў, і, вядома, дасягненні ў прафесійнай дзейнасці.
Пройдзены Вамі працоўны шлях, Ваша плённая дзейнасць на адказных пасадах з’яўляюцца прыкладам працавітасці, адданасці справе, служэння народу і інтарэсам дзяржавы. Вашы чалавечыя якасці, ініцыятыўнасць, энергія, прафесіяналізм заслужылі высокую ацэнку калег і грамадства ў цэлым.
Выказваю надзею на працяг супрацоўніцтва паміж Каталіцкім Касцёлам у Рэспубліцы Беларусь і Апаратам упаўнаважанага, які Вы ўзначальваеце, якое будзе служыць далейшаму ўмацаванню духоўнага, сацыяльнага і агульначалавечага патэнцыялу беларускага грамадства.
Дапамога Усявышняга няхай умацоўвае Вас у стварэнні добрых спраў на карысць нашага народа, на карысць любай Айчыне і на радасць родным і блізкім.
Няхай захоўвае Вас ласкавы Бог у паўнаце сіл, здароўі, міры і спакоі на шматлікія і благаслаўлёныя гады.
Мы разам з вернікамі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі даручаем усё Вашае жыццё і служэнне Каралеве Беларусі Маці Божай Будслаўскай, Вашаму нябеснаму заступніку святому Аляксандру ad plurimos annos — на доўгія гады!
З павагай і малітвай,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
г. Мінск, 21 жніўня 2024 г.