Пошук

24.07.2024 11:11   Grodnensis.by
Фота кс. Артура Ляшнеўскага SDB

23 ліпеня каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй скіраваў Слова да вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі ў сувязі з прызначэннем ксяндза каноніка Андрэя Зноскі дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

19 ліпеня Святы Айцец Францішак прызначыў ксяндза каноніка Андрэя Зноску, святара Гродзенскай дыяцэзіі, пробашча парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе, дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі і адначасова тытулярным біскупам Скардоны.

Як дыяцэзіяльная супольнасць прымаем рашэнне Святога Айца Францішка з вялікай радасцю і сыноўскай удзячнасцю. Вельмі цешымся і адначасова ганарымся, што чарговы святар, сын гродзенскай зямлі, узнесены да біскупскай годнасці, атрымае паўнату сакрамэнтальнага святарства і будзе пакліканы да выканання пастырскай місіі: навучання, асвячэння і кіравання Божым народам.

Жадаем Яго Эксцэленцыі біскупу намінату Божага благаслаўлення, святла Духа Святога і шматлікіх патрэбных дароў і ласкаў у выкананні ганаровай і адначасова вельмі нялёгкай і адказнай місіі, да якой пакліканы самім Езусам Хрыстом праз рашэнне Наступніка святога Пятра. Няхай яму спадарожнічаюць штодзённая матчына апека і надзейнае заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці. Няхай Пан Бог памнажае яго фізічныя і духоўныя сілы, адорвае добрым здароўем, напаўняе сэрца даверам, надзеяй, адвагай і аптымізмам, а найперш вялікай любоўю да народа Палесся, да якога пасылаецца. Няхай служэнне Хрыстоваму Касцёлу, якое біскуп будзе выконваць, дапамагаючы пастыру Пінскай дыяцэзіі біскупу Антонію Дзям’янку, будзе плённым і паспяховым, шчодрым на ўсялякае духоўнае дабро.

Ад імя нашага ардынарыя біскупа Аляксандра Кашкевіча і ўласнага імя сардэчна запрашаю вас усіх, дарагія браты і сёстры, ахінуць біскупа наміната Андрэя гарачай малітвай, каб ён добра падрыхтаваўся да прыняцця біскупскай сакры і каб Божае благаслаўленне спадарожнічала яго пастырскаму служэнню, якое хутка распачне.

Уладзімір Гуляй
Біскуп каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі

Абноўлена 24.07.2024 11:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця