25 мая ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылося біскупскае пасвячэнне біскупа каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя.
Галоўным пасвячаючым біскупам новага беларускага іерарха быў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, для якога Уладзімір Гуляй стаў першым пасвячаным біскупам у пастырскім служэнні харвацкага іерарха, прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне. Асістуючымі пры пасвячэнні біскупамі былі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і першы Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, наступнікам якога пасля завяршэння яго пастырскага служэння стане ноавапасвячаны біскуп каад’ютар.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі прадставіла геральдычнае апісанне герба біскупа Уладзіміра Гуляя і яго пастырскі дэвіз.
Герб біскупа каад’ютара быў графічна рэалізаваны італьянскім геральдыстам Джузэпэ Куатрачокі, які распрацаваў гербы біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Шчыт біскупскага герба Уладзіміра Гуляя падзелены на дзве часткі: з блакітным і чырвоным фонам. У першай частцы, што мы бачым уверсе злева, на блакітным фоне змешчана залатая манаграма Найсвяцейшай Панны Марыі. У другой частцы, якую мы бачым уверсе справа, на чырвоным фоне змешчана галінка аліўнага дрэва, на якой відаць дзесяць алівак. Пасярэдзіне шчыта, на размежаванні блакітнага і чырвонага фону, змешчаны Баранак з харугвай Уваскрослага Хрыста на кнізе, запячатанай сямю пячаткамі.
Дэвіз Sufficit tibi gratia Mea напісаны загалоўнымі лацінскімі літарамі чорнага колеру, змешчанымі на стужцы залацістага колеру.
Шчыт умацаваны залатым біскупскім крыжам. Над гербом змешчаны біскупскі капялюш зялёнага колеру, з бакоў звешваюцца шнюры такога ж колеру з дванаццаццю кутасамі, па шэсць з кожнага боку, змешчаныя ў парадку 1, 2, 3.
Апісаныя вышэй сімвалы ў геральдыцы азначаюць на біскупскую годнасць.
Дэвіз
Дэвізам свайго служэння біскуп каад’ютар Гуляй абраў словы з Другога Паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў: Sufficit tibi gratia Mea — «Хопіць табе Маёй ласкі», якія Езус Хрыстус кіруе да апостала Паўла: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці» (2 Кар 12, 9).
Гэтыя словы вельмі блізкія ноавпасвячанаму іерарху і адначасова з’яўляюцца ключом да інтэрпрэтацыі герба, а таксама выяўленых у ім прыярытэтаў пастырскага служэння біскупа.
Гэтую цытату ў якасці дэвізу раней ужо выбіралі для свайго біскупскага служэння 16 іерархаў, сярод якіх былі кардыналы і Апостальскія нунцыі
Сімвалы ў гербе
Герб біскупа каад’ютара Гуляя складаюць тры элементы, змешчаныя на двух фонах шчыта, якія сімвалізуюць цяперашні час і вечнасць.
У першай частцы шчыта блакітнага колеру, які сімвалізуе чысціню, вернасць, блакіт неба, а таксама з’яўляецца Марыйным колерам, уверсе злева прадстаўлена манаграма Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта сімвал Маці Божай. Яна як Абранніца Духа Святога накіроўвае нас на шлях веры, як Выхавальніца ахінае сваім плашчом апекі і як Апякунка Гродзенскай дыяцэзіі клапоціцца пра сваіх дзяцей у кожны час.
У другой частцы шчыта чырвонага колеру, які сімвалізуе адвагу, мужнасць, ахвяру, уверсе справа прадстаўлена аліўная галінка, на якой відаць дзесяць алівак. Аліўная галінка — гэта сімвал міру і плёну братэрскай сустрэчы, што хоча ажыццяўляць у пастырскім служэнні біскуп Гуляй. На галінцы дзесяць алівак — гэта сімвал дзесяці Божых запаведзяў, якія для кожнага хрысціяніна з’яўляюцца маральнымі ўказальнікамі на шляху да збаўлення, а для біскупа — каштоўным зместам для абвяшчэння аб’яўленых Богам нормаў жыцця.
Пасярэдзіне шчыта на размежаванні блакітнага і чырвонага фону змешчаны Баранак Божы з харугвай на кнізе, запячатанай сямю пячаткамі.
Баранак, або ягнё, — гэта ахвярная жывёла, якую, у залежнасці ад абставінаў, складалі ў ахвяру ўсеспалення або ўміласціўлення. Выключнасць ахвяравання баранка звязана з яго суаднясеннем з пасхальным баранкам, кроў якога захавала ад смерці першародных сыноў Ізраэля ў ноч перад выйсцем з егіпецкай няволі (Зых 29, 38). Ян Хрысціцель назваў Езуса Баранкам Божым (Ян 1, 29. 36), які знішчае грахі людзей (Ян 19, 36; 1 Кар 5, 7; 1 П 1, 18). Пра Божага Баранка згадвае таксама Апакаліпсіс, кажучы пра перамогу Езуса як услаўленага Пана (Ап 5, 8–9).
Баранак — сімвал чалавека, які пераможна прайшоў праз пераслед, нягледзячы на смерць застаўся верным сведкам. Дзякуючы вернасці Ён мае ўдзел у валадарстве і вечным святарстве. Уласнай крывёй адкупіў для Бога людзей, якія Яму верна служаць, і атрымаў уладу здзяйсняць суд. Ён акрэслены таксама як Слова Бога. Новы Ерузалем — Яго новая Абранніца. Ён з’яўляецца Святыняй Новага Ерузалема і яго святлом.
«Толькі Ты годны ўзяць кнігу і зняць з яе пячаткі, бо Ты быў забіты і сваёй крывёю Ты адкупіў нас для Бога з кожнага роду, і мовы, і племені, і народу», — чытаем у кнізе Апакаліпсісу (Ап 5, 9). Значэнне вобразу Баранка падвойнае: яно паказвае на Хрыста як на правадыра і як на ахвяру. Абодва значэнні паходзяць з пастырскага жыцця, таму што баранак у дарослым узросце можа быць правадыром статку, але і паслухмянай ахвярнай жывёлай. У Апакаліпсісе Хрыстус — гэта забіты Баранак, які перамагае і збірае сваіх вернікаў; толькі Ён годны зняць пячаткі з запячатанай кнігі.
У біскупскім служэнні вельмі важным з’яўляецца, па прыкладзе Божага Баранка, быць пастырам — кіраўніком статку — і адначасова ахвярай. Гэта зусім нялёгка, бо часам трэба быць на размежаванні розных фонаў жыцця, падзей і ва ўсім гэтым заставацца адказным і любячым пастырам, прапаведнікам і абаронцам Слова Бога; ісці да канца, углядаючыся ў пераможны крыж Хрыста, трымаючы ў руцэ харугву — сімвал трыумфу над злом і смерцю. Сімвалізм пасхальнага Баранка таксама скіроўвае нас у велікодны перыяд літургічнага года. Гэта менавіта той час, калі ў шосты дзень велікоднай актавы Папа Францішак прызначыў для Гродзенскай дыяцэзіі біскупа каад’ютара Уладзіміра Гуляя.
Значэнне біскупскага дэвізу
Ласка Божая неабходная для збаўлення, навучае Касцёл у шостай галоўнай праўдзе веры.
Словы дэвізу «Хопіць табе Маёй ласкі», якія Хрыстус скіраваў да апостала Паўла (2 Кар 12, 9), Ён сёння кіруе да біскупа Гуляя, аб’ядноўваючы ўсе элементы біскупскага герба.
Дэвіз гучыць вельмі даверліва, з надзеяй у адносінах да выбранага сына, і натхняе біскупа каад’ютара Уладзіміра Гуляя на ўсё пастырскае служэнне.