19 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе сваё слова да вернікаў.
«Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам у тым самым месцы. Раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. З’явіліся ім падзеленыя языкі, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. Усе напоўніліся Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць»
(Дз 2, 1–4).
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!
Адзначаючы сёння ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, мы святкуем таксама нараджэнне Касцёла. Гэтая ўрачыстасць мае глыбокія біблійныя карані. Праз сем тыдняў пасля Пасхі юдэі адзначалі свята жніва, дзякуючы Богу за першыя плёны зямлі. Пазней гэтае свята набыло іншае вымярэнне — напаміну пра дадзеныя на гары Сінай запаведзі і заключэнне Запавету паміж Богам і выбраным народам. На жаль, гэты запавет неаднаразова парушаўся людзьмі. Але, на шчасце, Бог шмат разоў вуснамі прарокаў абвяшчаў пра заключэнне новага Запавету.
У святле прароцтваў Ераміі і Эзэхіэля Спасланне Святога Духа можна разглядаць як «пячатку» Запавету паміж Богам і новым выбраным народам — Касцёлам. «І ўдыхну ў вас Дух Мой (кажа Бог праз прарока Эзэхіэля) і зраблю, каб вы жылі паводле запаведзяў Маіх, каб бераглі законы Мае і выконвалі іх» (пар. Эзх 36, 27)
Таму Спасланне Духа Святога было ўкаранаваннем збаўчай місіі Хрыста, які ўласнай крывёю «падпісаў» новы і вечны Запавет паміж Богам і чалавецтвам.
Дарагія вернікі! Дух Святы — гэта Дух адвагі і любові, радасці і велікадушнасці. Святкуючы Спасланне Святога Духа, мы ўзіраемся ў Апосталаў, якія адважна выходзяць з Вячэрніка на вуліцы і плошчы Ерузалема. Дух Святы натхняе іх дзяліцца Добрай Навінай. Яны не могуць затрымаць яе для сябе і загасіць той «агонь», які спачыў на кожным з іх.
Гэта ўжо не маленькая грамада напалоханых мужчын і жанчын, але адважныя ваяры Касцёла, бачнай часткі Божага Валадарства. Як і Хрыстус, яны «ваююць» чыстым і пакорным сэрцам, узброіўшыся Божым словам, пацвярджаючы яго сведчаннем уласнага жыцця. Больш за тое, Апосталы атрымалі ласку перадаваць іншым дар Святога Духа праз малітву і ўскладанне рук. І многія пакаленні хрысціянаў на працягу гэтых двух тысячагоддзяў хрысціянства атрымалі Святога Духа ў сакрамэнтах хросту і канфірмацыі.
Браты і сёстры, Дух Святы нястомна прысутнічае ў сваім Касцёле. І так, як Ён напоўніў калісьці Апосталаў, так падчас сакрамэнту хросту напаўняе кожнага з нас.
Апостал народаў, звяртаючыся да Эфесцаў кажа: Ён [Дух Святы] паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага цела, пакуль усе мы прыйдзем да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты» (Эф 4, 11–13).
Таму заахвочваю вас, дарагія мае, задумацца над сутнасцю гэтага свята, над тым, ці дазваляем мы ласцы Духа Святога напаўняць нашыя сэрцы і запальваць іх полымем Божай любові? Ці дбаем пра паглыбленне нашай веры, надзеі, любові, сувязі з Касцёлам, пра ўзровень нашага духоўнага жыцця? Гэта важна, «каб мы больш не былі дзецьмі, якіх хістае і захапляе кожны вецер вучэнняў» (Эф 4, 14–16).
Мае дарагія, Спасланне Духа Святога ў народзе яшчэ называюць Сёмухай ці Зялёнымі Святкамі. Гэта час, калі прырода, абудзіўшыся ад зімовага сну, пачынае бруіць новым жыццём. Птушкі вяртаюцца з выраю, дрэвы пачынаюць распускацца, цешыць вока маладая жытнёвая рунь. Дзе-нідзе ўжо з’явіліся пралескі і маленькія «сонейкі» — дзьмухаўцы. І як прырода аднаўляецца ў промнях веснавога сонца, так і чалавечая душа аднаўляецца пад уздзеяннем Духа Святога ў сакрамэце споведзі, яднаецца з Езусам і, апрануўшыся ў Божую зброю, гатова супрацьстаяць подступам злога духа.
Браты і сёстры! Міласэрнасць Божая не мае межаў, а Дух Святы не мае межаў у шчодрасці сваіх дароў і ласкаў.
Дух Святы сёння сыходзіць да нас, каб дапамагчы нам супрацьстаяць разрыву міжасабовых сувязяў і прыніжэнню чалавечай годнасці. Кім для нас, хрысціянаў, павінна быць Трэцяя Асоба Бога? Адказ мы знаходзім у Святым Пісанні. Гаворачы пра Трэцюю Асобу Бога, мы часцей за ўсё выкарыстоўваем назву «Дух Святы». Дух (па-габрэйску руах) азначае дыханне, паветра. Таму можна сказаць, што Спасланне Духа Святога з’яўляецца для нас «дотыкам» Бога, лагодным дотыкам. Якім жа важным становіцца гэтае ўсведамленне, бо падчас цярпенняў і выпрабаванняў пачуццё бяспекі, якое вынікае з прысутнасці Бога, суцяшае і дае надзею. Думаю, варта ў гэтым моманце працытаваць адзін з самых вядомых заклікаў, аўтарам якога з’яўляецца святы ХХІ стагоддзя: «Няхай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі. Гэтай зямлі» (пар. Пс 104 (103), 30; Omelia di Giovanni Paolo II, Piazza della Vittoria a Varsavia, Sabato, 2 giugno 1979).
Мае дарагія, Святы Дух — гэта Той, Хто аднаўляе, паказвае новыя перспектывы і надае сэнс нашаму існаванню. Гэта дзякуючы Яму мы можам быць упэўненыя ў сваім выбары: як штодзённым, так і фундаментальным, які вызначае якасць нашага жыцця. Калі мы не ведаем, што рабіць, спытаемся ў Духа Святога: што мне рабіць? якое рашэнне прыняць? Ён вам падкажа, бо для гэтага Ён быў нам дадзены.
Калі мы гаворым пра Духа Святога, мы таксама маем на ўвазе іншае азначэнне Трэцяй Божай Асобы. Святы Дух гэта таксама Суцяшальнік, таму Ён прыносіць надзею, суцяшэнне і незвычайную радасць. У нашым зямным жыцці мы сталі, на жаль, усё радзей усміхацца. Сацыяльныя пагрозы і іншыя небяспекі так ці інакш закранаюць нас і таму хвалююць усё больш і больш. Але трэба нам памятаць, што мы не пакінутыя ў адзіноце. Сённяшні ўспамін Спаслання Духа Святога Суцяшыцеля — гэта магчымасць яшчэ раз усвядоміць, што мы можам шукаць суцяшэння перад Духам Святым. Таму давайце часта казаць: Дух Святы Суцяшыцель, вылеч маю бездапаможнасць, суцеш мяне, пакажы мне перспектыву, дай мне сілы атрымліваць асалоду ад кожнага дня майго жыцця.
Мае дарагія, сёння вельмі важнай становіцца неабходнасць прысутнасці ў нашым жыцці Трэцяй Божай Асобы, якую мы называем таксама Духам Праўды.
Гэта Ён дае нам магчымасць быць чулымі на праўду. Езус, усведамляючы небяспеку ад спакусаў, якія датычацца чалавечага рэлятывізму, сказаў сваім вучням, а таксама кажа і нам сёння: «Прыміце Духа Святога, спазнайце праўду і яна вас вызваліць».
Браты і сёстры, святкуючы ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, усведамляючы шматлікія пагрозы, якія непакояць нас і нашых блізкіх, просім: Духу Святы, які сышоў у самым пачатку Касцёла на Апосталаў і верных, каб асвяціць іх розум, запаліць сэрцы і ўмацаваць у веры, просім Цябе, будзь заўсёды таксама з намі, напаўняй нас Тваімі дарамі, прасвятляй у сумневах, суцяшай у смутку, ратуй у небяспецы, выбаўляй ад памылак, падымай пры падзенні, кіруй намі мудрасцю Тваёю, яднай нас узаемнаю хрысціянскаю любоўю, каб усе мы жылі ў згодзе і святой еднасці як адна Божая сям’я. Давядзі ўсіх нас да шчаслівай вечнасці, каб там з усімі анёламі і святымі мы выказвалі Табе ўдзячнасць і хвалу. Духу Святы, напоўні сэрцы нашыя Божай любоўю, дарамі мудрасці, розуму, рады, пабожнасці і боязі Божай, ўсімі сваімі ласкамі і вытрымкаю, каб мы жылі праведна і якасна.
На святкаванне ўрачыстасці Спаслання Духа Святога і на кожны новы дзень, Няхай благаславіць вас Бог усемагутны, Айцец і Сын, і Дух Святы.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 19 мая 2024 г.