Пошук


У нядзелю 26 мая адзін з найстарэйшых святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк адзначае 50-годдзе святарства.

Сёлетні год для ксяндза Уладзіслава юбілейны ўдвая: 8 ліпеня ён будзе святкаваць 75-гадовы юбілей з дня нараджэння.

Будучы святар нарадзіўся 8 ліпеня 1949 года ва Украіне, на Вінніччыне, у сяле Слабада-Мурафская, што пасля з’яднання з суседнім сялом атрымала назву Клэкотына.

Быў ахрышчаны ў тамтэйшым касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе пазней таксама прыняў Першую Камунію і сакрамэнт канфірмацыі.

Пасля заканчэння Новамурафскай сярэдняй школы паехаў у далёкую Рыгу з намерам паступіць там у семінарыю. Адразу паступіць у семінарыю не атрымалася, і малады чалавек застаўся ў Рызе, працуючы там будаўніком.

На шляху да святарства яму давялося пераадолець не адну перашкоду, але разам з ім заўсёды была матуля, якая падтрымлівала сына на шляху паклікання.

У 1969 годзе Уладзіслаў Завальнюк нарэшце быў прыняты ў духоўную семінарыю ў Рызе — адну з дзвюх каталіцкіх семінарый, якія на той час дзейнічалі ў Савецкім Саюзе, — пасля заканчэння якой стаў святаром. Прэзбітэрскае пасвячэнне 26 мая 1974 года яму ўдзяліў кардынал Юліян Вайвадс.

Душпастарскую дзейнасць ксёндз Уладзіслаў распачаў на пасадзе пробашча грэка-каталіцкай капліцы на армянскіх могілках у Кішынёве. Знаходзячыся ў Малдове, абслугоўваў каля 70-і парафій, пераследаваўся савецкімі ўладамі. На пачатку 1979 года вярнуўся ў Латвію, дзе выконваў святарскія абавязкі ў горадзе Валміера. Вясною 1979 выехаў у Казахстан, жыў у Калінградзе, Качатове, Краснаармейску, Паўладары.

З 1980 года нёс святарскае служэнне ў Латвіі. Служыў вікарыем у латгальскім мястэчку Варакаяны.

Быў абмежаваны савецкімі адміністрацыйнымі ўладамі ў выкананні святарскіх абавязкаў: меў права толькі спавядаць і цэлебраваць Імшу. У лістападзе–снежні 1980 года быў прымусова змешчаны ў псіхіятрычны шпіталь у горадзе Даўгаўпілс.

Са студзеня 1981 года — на пасадзе пробашча ў парафіях Лэнас, Айспут, Вентспілс і Кулдзічэ Ліепайскага дэканату.

З 1984 года і да сёння жыццё ксяндзя Уладзіслава Завальнюка непарыўна звязана з Беларуссю.

Напачатку ён служыў пробашчам у касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім. Пасля 1988 года адначасова нёс святарсае служэнне ў якасці вікарыя ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках — адзінай на той час каталіцкай святыні ў Мінску.

З 1989 года разам з вернікамі змагаўся за вяртанне беларускіх каталіцкіх святынь у Мінску: касцёла святога Сымона і святой Алены, катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі, касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.

Аднавіў і распачаў дзейнасць каталіцкіх парафій у Каралішчавічах, Чэрвені, Смалявічах, Раўбічах і іншых мясцінах.

З пачатку 1990-х гадоў паслядоўна пашыраў ужыванне беларускай мовы ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі. Завочна працягваў навучанне ў Каталіцкай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. Скончыў вышэйшыя магістарскія курсы па тэалогіі (1993).

З 1991 вядзе шырокую кнігавыдавецкую дзейнасць.

Падрыхтаваў і выдаў на беларускай мове шэраг кніг для вернікаў: «Святая Імша» (1990), «Катэхізм» (1993, на 4-х мовах), «Будслаўскі касцёл — святыня Беларусі» (1993), «Святыня Беларусі» (1994), «Святы Ружанец» (1994), «Прыгатаванне да першай святой споведзі» (1995), «Абрады пахавання» (1998) і іншыя. Адзін з аўтараў навукова-папулярнай кнігі «Канфесіі на Беларусі (канец ХVIII — ХХ ст.)» (1998). На Беларускім радыё вёў рэлігійную перадачу «Голас душы» (1993–2000). Сябар Каардынацыйнай камісіі Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі (1996). Выступае з артыкуламі нацыянальна-рэлігійнай праблематыкі ў беларускім і замежным друку.

19 мая 2022 года святар, які ўжо шмат гадоў з’яўляецца капеланам беларускіх пчаляроў, быў узнагароджаны юбілейным медалём «100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі».

З’яўляецца ініцыятарам і натхняльнікам шматлікіх душпастырскіх акцый, адна з якіх — перэгрынацыя спісаў найбольш шанаваных цудадзейных абаразоў Маці Божай па парафіях Беларусі і замежжа.

Прычыніўся да развіцця культу Маці Божай Будслаўскай у агульнабеларускім маштабе, спрыяў стварэнню ў Будславе Нацыянальнага санктуарыя.

Шмат у чым дзякуючы менавіта яго намаганням міжурадавым Камітэтам па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА у лістападзе 2018 года Будслаўскі фэст быў уключаны ў Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

За вялікія заслугі перад Касцёлам Папа Францішак прызначыў ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка Капеланам Яго Святасці, або папскім прэлатам.

Штогод ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк сам як звычайны пілігрым пешкі ідзе ў Будслаў разам з пакутнай пілігрымкай у маўчанні, на хлебе і вадзе.

 

Абноўлена 27.05.2024 10:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця