Пошук

05.03.2024 15:17   Тэкст: а. Раман Шульц ОР, Аляксандра Шпілеўская / Фота: Таццяна Дуенкава / Catholic.by

4 сакавіка у парафіі святога Казіміра і святой Ядзвігі ў Магілёве, дзе нясуць служэнне айцы дамінікане, адзначылі парафіяльную ўрачыстасць у гонар нябеснага апекуна супольнасці.

З гэтай нагоды ў маленькай капліцы, дзе моляцца парафіяне, сабралася каля 50-і чалавек. Цэлебрацыю адпустовай святой Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з арцыпастырам Эўхарыстыю цэлебравалі адказны за Магілёўскі рэгіён Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама некалькі святароў з бліжэйшых парафій, грэка-каталіцкі святар і двое дамініканаў з Віцебска.

Пробашч парафіі айцец Раман Шульц OP прывітаў гасцей і папрасіў галоўнага цэлебранта скласці Найсвяцейшую Ахвяру за парафію, якая мае амбітны план рэканструкцыі будынка і мару пабудаваць у Магілёве санктуарый святой Ядзвігі. Пробашч таксама звярнуўся з просьбай аб малітве аб новых пакліканнях у ордэн дамініканаў.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі звярнуў увагу на тэму настальгіі ў жыцці вернікаў, «калі мы, як апосталы, пытаемся ў Езуса: „Дзе жывеш?“ Адны жывуць мінулым: „Былі калісьці добрыя часы: саладзейшы цукар, бялейшы снег, макрэйшая вада“. Іншыя могуць адказаць, што яны жывуць у віры актыўнай дзейнасці. Святы Казімір адкажа, што жыве ў Пану Езусе.

Па прыкладу нашага апекуна святога Казіміра, усе мы пакліканыя жыць у Езусе, гэта значыць на зямлі Божай любові. Жыць у краіне Божай любові азначае адмовіцца ад настальгіі і празмернай актыўнасці, і гэта прывядзе да адкрыцця жыцця як дару, на які Богу адказваюць словам „дзякуй“», — сказаў арцыбіскуп.

Напрыканцы ўрачыстасці біскуп Яшэўскі выказаў падзяку арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму за пастырскі клопат пра Магілёўскі рэгіён архідыяцэзіі, а таксама падзякаваў за малітву ў інтэнцыі дзяржаўных ўладаў, якія далі згоду на служэнне ў Магілёве некалькіх святароў з-за мяжы.

Пасля святой Імшы Вольга Хілько, каталіцкая верніца з Мінска, пад гітару праспявала некалькі песень уласнага сачынення, у якіх згадвалася духоўнасць святога Казіміра, Эўхарыстыя і Маці Божая.

Парафіяне падрыхтавалі шчодры пачастунак у зале святой Ядзвігі, дзе ўдзельнікі парафіяльнай урачыстасці сабраліся пры супольным стале і размаўлялі на розныя тэмы.

Абноўлена 06.03.2024 09:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа