Пошук

19.01.2024 14:52   Паводле: Марына Сінкевіч / Фота: Леанід Юрык / Catholicnews.by

18 студзеня святары, браты і сёстры законныя, свецкія прадстаўнікі парафій Віцебскай дыяцэзіі сабраліся ў катэдральным касцёле, каб супольнай малітвай адзначыць 10-ю гадавіну з часу біскупскага пасвячэння пастыра Касцёла на Віцебшчыне біскупа Алега Буткевіча.

Як паведамляе сайт Catholicnews.by, на самым пачатку Літургіі біскуп Буткевіч падзякаваў Богу за кожнага прысутнага, святара і верніка, законнага брата і сястру, бо «біскуп нічога не можа зрабіць без прэзбітэрыя; біскуп не патрэбны ў пустым касцёле без вернікаў».

Пастыр Віцебскай дыяцэзіі падзякаваў усім, хто быў побач тады, дзесяць гадоў таму, і з кім на працягу гэтага дзесяцігоддзя супрацоўнічае і служыць.

Ва ўрачыстай святой Імшы бралі ўдзел Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які праз тыдзень таксама адзначыць 10-годдзе з часу біскупскага пасвячэння, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары і вернікі з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі і з іншых мясцін.

Гамілію прамовіў біскуп Касабуцкі. У Божым слове іерарх са сталіцы звярнуў увагу на дар, які мае Віцебская дыяцэзіі, а менавіта дар біскупа, які ёю кіруе.

«Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў». Біскуп Юрый разважаў над гэтымі словамі Хрыста ў кантэксце чытання з кнігі Самуэля пра выбар караля Давіда. «Чалавек бачыць па-свойму, Бог бачыць інакш; чалавек бачыць тое, што вонкавае, Бог пранікае ў сэрца чалавека», — падкрэсліў іерарх і ўзгадаў пра тое, як дзесяць гадоў таму адбываўся выбар новых біскупаў для Беларусі. «Нам цяжка сказаць, чаму быў такі выбар. <…>

Нам было незразумела, чаму менавіта нас Папа Францішак выбраў, чаму менавіта так усё адбываецца. Але Бог ужо тады хацеў паставіць пробашча парафіі святога Антонія ў Віцебску Алега Буткевіча біскупам Віцебскай дыяцэзіі. І, напэўна, выбраў яго яшчэ раней, калі мама і тата за ручку вадзілі ў касцёл».

Біскуп Касабуцкі засяродзіўся на словах, змешчаных у гербе біскупа Буткевіча. «„Няхай споўніцца Твая воля, Пане“, — гэта тыя словы, якія з перспектывы дзесяці гадоў можна прасачыць у яго служэнні», — заўважыў іерарх.

«Не толькі з перспектывы дзесяці гадоў біскупскага служэння, але з перспектывы часу семінарыйнага і святарскага, я магу смела адзначыць, што біскуп Алег Буткевіч — гэта чалавек малітвы; чалавек, які жыве Богам. Не сустракаецца з Хрыстом час ад часу, не сустракаецца з Богам толькі тады, калі прыходзіць у святыню на малітву, калі ёсць нагода, але жыве кожную хвіліну свайго жыцця. Хрыстус у яго жыцці — гэта Той, з кім ён ідзе, трымаючыся моцна за руку. Гэта малітва, гэта трыманне, гэты давер Богу з’яўляецца менавіта тым, што дазваляе біскупу Алегу быць той галінкай, якая прыносіць плод; той плод, які хоча Бог», — падкрэсліў біскуп з Мінска.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Юрый Касабуцкі скіраваў біскупу Алегу Буткевічу словы віншавання ад імя ўсёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Старшынёй якой з’яўляецца Віцебскі біскуп.

Віншаанне выказалі таксама архімандрыт Сяргей Гаек, святары, прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў, супрацоўнікі курыі Віцебскай дыяцэзіі і прадстаўнікі парафій дыяцэзій.

Абноўлена 19.01.2024 14:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця