Пошук


Сустрэча супрацоўнікаў беларускай рэдакцыі «Радыё Марыя» з валанцёрамі прайшла 25 лютага ў мінскім Чырвоным касцёле.

На працягу чатырох гадзін актыўнага дыялогу ўдзельнікі, сярод якіх былі і аўтары будучых перадач, дзяліліся сваімі ідэямі і бачаннем новых тэмаў у эфіры.

«”Радыё Марыя” — не проста радыё, гэта сапраўдная сям’я, якая працуе ў 80 краінах свету — адзначыў праграмны дырэктар беларускай рэдакцыі кс. Аляксандр Улас. — Тыя, хто будзе працаваць у нас, будзе дзяліцца сваім талентам з усімі. У цэнтры ж усяго будзе Марыя».



Эфір «Радыё РМ»: малітва, катэхеза, сацыяльныя тэмы

Доля музыкі ў вяшчанні «Радыё РМ» будзе найменшай у параўнанні з іншымі тэматычнымі блокамі радыё — малітвай, катэхезай і сацыяльнымі пытаннямі — і будзе складаць толькі 10 працэнтаў.

Паводле слоў каардынатара «Радыё РМ» Аліны Угорыч, найбольшая ўвага будзе ўдзяляцца малітве. Прычым не толькі малітве ў запісе, але і спантаннай малітве ў прамым эфіры.



Сярод перадач з’явіцца і адмысловая катэхеза для дзяцей. Па вечарах для самых маленькіх будуць рыхтавацца спецыяльныя казкі-малітвы — байкі на хрысціянскую тэматыку. Знойдзе сваё месца ў эфірнай сетцы і перадача, прысвечаная этыцы вядзення бізнесу.

Чытайце таксама:

Пра тое, якія яшчэ тэмы варта закранаць у працы рэдакцыі, супрацоўнікі «Радыё РМ» пацікавіліся ў валанцёраў.


Квест па старонках Бібліі? Чаму б і не!

Сярод тых, хто прыйшоў на сустрэчу, былі людзі самых розных узростаў.



Былому выкладчыку БДПУ імя М. Танка Здзіславу Бельскаму — 77 гадоў. Пра стварэнне ў Беларусі рэдакцыі «Радыё РМ» ён даведаўся дома — нехта з сям’і раздрукаваў інтэрнэт-старонку з інфармацыяй пра запуск «Радыё РМ».

«Я вельмі радуюся, калі бачу на лагатыпе радыёстанцыі выяву Марыі. Малюся, каб беларуская рэдакцыя “Радыё Марыя” працягвала развівацца ў Беларусі», — адзначыў Здзіслаў Бельскі (на фота — унізе).



Тэматыку будучых перадач валанцёры абмяркоўвалі ў групах, кожная з якіх працавала з пэўнай узроставай катэгорыяй. Удзельнікі разважалі над тым, якая тэматыка можа быць цікавай для слухачоў рознага ўзросту і якім чынам самі слухачы могуць прычыніцца да развіцця і папулярызацыі «Радыё РМ».



Сярод прапанаваных тэм — краязнаўчыя, песенныя, моладзевыя рубрыкі; заданні на веданне Святога Пісання («квест па старонках Бібліі»), анонсы пілігрымак, аповеды пра святароў і людзей, якія ў 1990-я распачыналі працу па аднаўленні рэлігійнага жыцця ў Беларусі, а таксама перадачы, прысвечаныя Бібліі, асаблівасцям літургічнай мовы, касцёльным рухам і да т.п.


На завяршэнне валанцёры паслухалі даклад па асновах журналістыкі, дзе даведаліся пра асаблівасці літургічнай тэрміналогіі ў беларускай мове і пачулі пра тыповыя памылкі ў маўленні радыёвядучых.

Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.