Звычайна на вігілію гаспадыні гатавалі да 12 страваў — іх колькасць сімвалізуе апосталаў, праз якіх мы рыхтуемся да прыёму галоўнай Стравы нашага жыцця — Цела і Крыві Езуса.
У папярэдніх артыкулах мы распавялі, як гатаваць куццю і рыбныя прысмакі да вігілійнай вячэры, якая заўсёды ёсць поснай.
Аднак, негледзячы на пост, гэтая вячэра была ўрачыстай і радаснай. Ужо сама куцця была салодкай стравай, аднак гатаваліся і іншыя прысмакі, асабліва любімыя дзецьмі.
У беларускіх вёсках гатавалі з цеста ламанцы або сліжыкі — печыва, якое елі з макавым малаком і мёдам.
Пра ламанцы згадвае ў «Новай зямлі» Якуб Колас.
А там ламанцы-праснакі
З пшанічнай добрае мукі;
А макаў сок такі салодкі!
Ламанцы ў ім, ну, як калодкі —
Так добра макам праняліся,
У рот паложыш — абліжыся.
Жыхары Аўкшайціі і Жмудзі таксама гатавалі такую страву, часам называючы яе «кучукай», нешта накшталт «маленечкія куццейкі», што яскрава паказвае на ролю, якая ім адводзіцца ў святочным меню. Гэта сведчыць і пра вялікую культурную еднасць народаў Вялікага княства Літоўскага.
Гатаваць ламанцы можна такім чынам.
1 ст. лыжка цукру
1 шклянкі мукі
2 гарбатнай лыжкі алею
соль
Замясіць крутое цеста: расчыніць цукар у ¼ шклянкі цеплаватай вады, змяшаць з мукой, алеем, дадаць солі, замясіць, дадаючы цеплаватай вады, калі трэба. Раскачаць у квадратны пласт каля 1 см таўшчынёй. Выкласці на пасыпаную мукой бляху, нарэзаць нажом на паверхні лініі падзелу на квадраты або ромбы (4 см). Запячы (ці, хутчэй, падсушыць) у духоўцы пры 160˚С, каб цеста набыло залаціста-карычневы колер. За 3–4 гадзіны да вігіліі заліць макавым малаком. Падаваць у глыбокіх талерках, як суп.
Можна ламанцы есці і проста як печыва, з мёдам, запіваючы гарбатай.
Аднак гарбату часта дапаўнялі разнастайнымі кісялямі і кампотамі.
Аўсяны кісель гатавалі так:
2 шклянкі аўсяных шматкоў
2 лыжкі крухмалу
1 лыжка цукру
некалькі кропель лімоннага соку
Аўсяныя шматкі ўсыпаць у ільняны мяшэчак, завязаць яго і пакласці ў рондаль. Заліць 2 шклянкамі халоднай вады, давесці да кіпення, варыць на малым агні каля 40 хвілін, пакуль як след не загусцее. Крухмал развесці 4 лыжкамі халоднай вады, добра перамяшаць. Дастаць мяшэчак са шматкамі з рондлю, адціснуць вадкасць у адвар, дадаць цукар і некалькі кропель лімоннага соку (або крыху лімоннай кіслаты), давесці да кіпення, уліць разведзены крухмал і зняць з агню.
За сталом спявалі калядкі, з якімі маглі выйсці і на вуліцу, каб ісці ў касцёл на святочную Імшу. Сена з-пад абруса на вігілійным стале аддавалі жывёле — і жывёлы далучаліся да ўсеагульнай радасці ўсяго стварэння ад прыйсця Збаўцы.
Наша беларуская і шырэй — хрысціянская культура мае неад'емны складнік кулінарных традыцый. Гісторыя і сімволіка нашых нацыянальных і хрысціянскіх традыцый маюць вельмі глыбокія карані, пра якія і зараз можна цікава і з карысцю распавядаць за вігілійным сталом.
Вясёлых Калядаў!
Аляксандр Гелагаеў паводле матэрыялаў Сatholic.by, газеты «Наша слова»