З 21 па 23 ліпеня навучэнцы, якія сёлета скончылі першы курс Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля, зладзілі сумесны адпачынак, спалучаны з духоўнымі практыкаваннямі ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Магілёўскі дэканат).
Навучэнцаў гасцінна прыняў пробашч бялыніцкай парафіі ксёндз Юзаф Сярпейка. Святар пазнаёміў гасцей з гісторыяй парафіі і культу Маці Божай Бялыніцкай, а таксама правёў для іх рэкалекцыі.
Асабліва насычаная духоўная праграма была ў навучэнцаў у другі дзень прабывання ў Бялынічах.
Субота распачалася ранішняй адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, пасля чаго ўдзельнікаў чакалі дзве падрыхтаваныя ксяндзом Юзафам канферэнцыі на тэму Божай любові і хрысціянскага сведчання аб ёй.
Навучанне ў тэалагічным каледжы — гэта набыццё ведаў перадусім для таго, каб імі дзяліцца з іншымі, але адных толькі ведаў замала. Таму рэкалекцыяніст у сваёй першай канферэнцыі засяродзіўся на тым, як важна дзяліцца Божай любоўю, якая праліваецца на ўсіх людзей. Святар дадаў, што тыя, хто гэтую любоў усведамляе і прымае, атрымліваюць ад Бога заданне сваім сведчаннем несці яе людзям, якія яшчэ не спазналі Божай любові.
У працяг гэтага разважання ў другой канферэнцыі ксёндз Юзаф спаслаўся на думкі Віктара Франкла, вядомага аўстрыйскага псіхіятра, псіхолага, былога вязня канцлагера, заснавальніка логатэрапіі (канцэпцыі, у аснове якой ляжыць сцвярджэнне, што пошукі сэнсу жыцця з’яўляюцца фундаментальнай матывацыйнай сілай у чалавеку), які даводзіў, не будучы хрысціянінам, што чалавек можа знайсці сэнс жыцця ў любові.
«У хрысціянаў жа заўсёды ёсць гэты сэнс, і задача хрысціяніна дапамагчы ў пошуках сэнсу тым, сярод каго ён знаходзіцца», — заўважыў рэкалекцыяніст.
Пасля канферэнцый пробашч правёў для навучэнцаў тэалагічнага каледжа экскурсію па Бялынічах, зрабіўшы акцэнт на хрысціянскай спадчыне і сучаснасці горада. Навучэнцы пабывалі таксама на месцы былых каталіцкіх могілак, дзе, магчыма, у будучыні з’явіцца санктуарый Маці Божай Бялыніцкай. Разам з мясцовымі вернікамі ўдзельнікі рэкалекцый узялі ўдзел у святой Імшы з трансляцыяй на «Радыё Марыя», а таксама супольна памаліліся Ружанец. Скончыўся дзень сяброўскай вечарынай пры вогнішчы і песнямі пад гітару.
На заканчэнне рэкалекцый іх удзельнікі разам з бялыніцкімі парафіянамі сабраліся на нядзельнай Эўхарыстыі, а потым здзейснілі супольны сплаў на байдарках па рэках Восліўка і Друць.
Стомленыя пасля працяглага сплаву, але задаволеныя часам, праведзеным разам, узбагачаныя духоўна рэкалекцыямі і супольным перажываннем веры, навучэнцы вярнуліся дадому падрыхтаванымі да наступнага навучальнага года.
Навучэнцы Мінскага тэалагічнага каледжа выказваюць шчырую падзяку пробашчу парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах ксяндзу Юзафу Сярпейку за праведзеныя для іх рэкалекцыі, за прысвечаны час, за арганізацыю харчавання і начлегу, за цудоўную атмасферу падчас адпачынку, а таксама мясцовым парафіянам за гасціннасць, добрае сэрца і сведчанне веры.