23 красавіка, у Трэцюю Велікодную нядзелю, калі літургія Божага Слова распавядае пра сустрэчу Езуса Уваскрослага з вучнямі, якія кіраваліся ў Эмаўс, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, будучы ў дарозе, завітаў у парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Краснае (Маладзечанскі дэканат).
Іерарх сустрэўся з мясцовымі вернікамі і іх душпастырам, ксяндзом пробашчам Паўлам Шылаком, а таксама ўзначаліў у парафіяльным касцёле цэлебрацыю святой Імшы.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп нагадаў аб хрысціянскім абавязку сведчыць пра Хрыста Уваскрослага ў кожным месцы і ў кожную хвіліну жыцця.
Касцёл у мястэчку Краснае нават у часы пераследу веры ніколі не зачыняўся. Размешчаная паміж Мінскам і Маладзечнам побач з чыгуначнай станцыяй Уша святыня дапамагла захаваць веру ў перыяд цяжкіх выпрабаванняў. Тут на святой Імшы збіраліся вернікі з усяго наваколля, у тым ліку з Мінска і Маладзечна, дзе доўгі час не было касцёла.