1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх святых, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў цэлебрацыю ў старажытным магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.
Напачатку прамоўленай гаміліі біскуп Яшэўскі нагадаў прысутным, кім з’яўляюцца святыя, якім прысвечана гэтая ўрачыстасць:
«Гэта пераможцы, якія цяпер атрымліваюць вечную ўзнагароду за сваю працу і намаганні <…>. Гэта святыя Каталіцкага Касцёла, якія атрымалі ад яго ўсё неабходнае для збаўлення.
Сёння Касцёл паказвае нам святы трыумф нашых братоў і сясцёр па веры, якія працягваюць заставацца з намі ў супольнасці веры», — падкрэсліў іерарх.
Біскуп заўважыў, што колькасць святых незлічоная. Усе яны валодалі разнастайнымі якасцямі, нават супрацьлеглымі:
«Мы бачым, напрыклад, святога Францішка Асізскага, які заклікае да пакоры і ўбоства, а побач з ім святога Стэфана, святога Людвіга, якія былі каралямі. Мы бачым простых людзей без адукацыі побач з людзьмі, якія валодаюць шырокім кругаглядам, якія прысвячаюць сябе навучанню і паглыбленню Божай навукі», — зазначыў біскуп і прапанаваў прысутным вернікам паразважаць, што аб’ядноўвае ўсіх святых.
«Яны любілі Бога больш за ўсё, і ў сваім жыцці яны шукалі толькі выканання Божай волі. Гэта сутнасць дасканаласці, сутнасць святасці. І ўсе адрозненні, якія мы заўважаем, з’яўляюцца сродкамі, з дапамогай якіх Бог прывёў кожную з гэтых душаў да святасці, да неба», — сцвердзіў біскуп Яшэўскі.
Паводле яго, святасць заключаецца не ў прамаўленні шматлікіх малітваў, у бязмежным утаймаванні цела або ў іншых пабожных практыках, але толькі і выключна ў тым, каб любіць Бога ўсім сэрцам, усёю душою і ўсімі сіламі.
«Усе знешнія практыкі дапамагаюць нам гэта рабіць. Гэта сродак для дасягнення мэты, часта неабходны сродак, без якога немагчыма імкнуцца да дасканаласці, але толькі сродак. Мы павінны памятаць пра гэта», — дадаў біскуп, параўнаўшы сродкі дасягнення святасці з лекамі, якія ўжывае чалавек падчас хваробы, каб быць здаровым. «Мэта намаганняў хворага — не прыём лекаў, не самі лекі і не іншыя практыкі, а здароўе.
Тое самае датычыцца і хрысціянскай дасканаласці: яе мэтай з’яўляецца любоў да Бога, а знешнія практыкі — толькі сродкі, якімі трэба карыстацца ў залежнасці ад патрэб кожнага», — падсумаваў іерарх.
Напрыканцы гаміліі ён прапанаваў вернікам нанава або ўпершыню абудзіць у сабе жаданне святасці, да якой кожны чалавек пакліканы Богам. «Няхай нас не знеахвочваюць нашыя слабасці, бо тыя, каго мы сёння ўшаноўваем, таксама мелі іх, але здолелі дасягнуць вечнага шчасця, якога я ўсім сэрцам жадаю сабе і вам, дарагія мае браты і сёстры», — заахвоціў біскуп Аляксандр Яшэўскі.