Пошук


31 кастрычніка, у апошні дзень ружанцовага месяца, копіі цудадзейных абразоў Маці Божай з Марыйных санктуарыяў Беларусі, якія перэгрынуюць па касцёлах краіны, прыбылі ў маладую мінскую парафію святога Лукі Евангеліста і святога Марціна.

Парафіяльная супольнасць урачыста сустрэла абразы каля гандлёвага цэнтра па вуліцы Ландара, дзе цяпер знаходзіца капліца.

Парафія з’явілася яшчэ ў 2007 годзе, і некаторы час святыя Імшы для яе вернікаў адбываліся ў Чырвоным касцёле. Цяпер арандуецца асобнае памяшканне, дзе і праходзяць рэгулярныя набажэнствы.

На працягу доўгага часу вырашаецца пытанне аб атрыманні дазволу на будаўніцтва святыні.

Духоўны кіраўнік перэгрынацыі абразоў, вікарый сталічнай парафіі святога Сымона і святой Алены ксёндз Станіслаў Станеўскі CSsR, які таксама з’яўляецца душпастырам маладой супольнасці, вітаючы нябесную Апякунку ў часовым месцы культу, зазначыў: «Яна прыходзіць да нас, каб разам з намі заносіць да Бога нашыя просьбы, услухоўвацца ў нашыя цяжкасці, патрэбы. Аднак таксама Яна як Маці Касцёла дае нам надзею, супакой, бо нясе нам самы вялікі дар — Езуса Хрыста».

Перад копіямі цудадзейных ікон парафіяне дзякавалі Багародзіцы за атрыманыя праз Яе ласкі і праз Яе заступніцтва маліліся ў інтэнцыі хутчэйшага аднаўлення набажэнстваў і парафіяльнага жыцця ў касцёле святога Сымона і святой Алены, дзверы якого ўжо другі месяц зачынены для вернікаў і святароў.

Не лічачы Чырвонага касцёла, які з’яўляецца ініцыятарам перэгрынацыі, маладая парафіяльная супольнасць святога Лукі Евангеліста і святога Марціна стала першай мінскай парафіяй, якая прыняла Маці Божую ў копіях цудадзейных абразоў.

Імша падзякі на развітанне з абразамі адбудзецца 3 лістапада ў 19.00 у капліцы парафіі святога Лукі Евангеліста і святога Марціна (гандлёвы цэнтр «Жывінка», вул. Ландара 36 А).

Абноўлена 03.11.2022 08:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.