Пошук

29.10.2022 11:58   Фота: Канстанцін Каральчук / Catholic.by

28 кастрычніка, ва ўспамін святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, у Мінску адзначылі імяніны арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча.

З гэтай нагоды імяніннік традыцыйна ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.

Напачатку ўсіх прысутных прывітаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які звярнуў увагу на тое, што нябесны апякун арцыбіскупа Кандрусевіча быў адважным чалавекам і не пабаяўся задаць Езусу на Апошняй Вячэры вострае пытанне.

«У сённяшні дзень мы тут, у архікатэдры, сабраліся з апосталам нашага часу, апосталам Расіі і Беларусі, арцыбіскупам Тадэвушам, якому таксама адвагі не займаць», — падкрэсліў арцыпастыр, пасля чаго запрасіў свайго папярэдніка на Мінска-Магілёўскай катэдры ўзначаліць цэлебрацыю.

Прывітаўшы прысутных, якія прыбылі ў мінскую катэдру з розных мясцін, у тым ліку з Масквы, заслужаны іерарх звярнуў увагу сабраных на тое, што ў гэты дзень таксама Чырвоны касцёл, які мае падвойны тытул — святога Сымона і святой Алены, — адзначае сваё свята.

«На жаль, там сёння няма святой Імшы», — са слязьмі на вачах адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, запрасіўшы ўдзельнікаў Эўхарыстыі маліцца аб хутчэйшым аднаўленні набажэнстваў у гэтай сталічнай святыні.

У прамоўленай гаміліі іерарх нагадаў, што апосталы Сымон і Юда Тадэвуш заклалі падмурак Касцёла на Блізкім Усходзе.

«Касцёл — гэта дом веры і супольная сям’я вернікаў. Зямная сям’я аб’яднана крывёю, касцёльная — верай і сакрамэнтамі. Аднак недастаткова, каб сям’я была аб’яднана толькі біялагічным ДНК. Сям’я з’яўляецца сапраўднай толькі тады, калі ўсе разам працуюць, моляцца, спажываюць пасілак, адпачываюць. Таксама і Касцёл — дом веры, у якім збіраецца Божая сям’я. Хрысціяне павінны не толькі быць аб’яднанымі хрысціянскім ДНК, але быць яго сведкамі», — сцвердзіў арцыпастыр.

Ён дадаў, што святыя Сымон і Юда Тадэвуш выкапалі калодзеж, каб мы маглі з яго чэрпаць ваду Божай ласкі.

«Яны запалілі агонь веры, каб мы маглі ім сагрэцца і не замерзнуць у холадзе грахоўнай начы. Яны вучылі любові, каб мы маглі супрацьстаяць злу і нянавісці», — падкрэсліў арцыбіскуп, заўважыўшы, што Хрыстус пасылае нам Святога Духа, які «перамяняе нас і дапамагае, каб мы сведчылі аб Хрысце». Іерарх заахвоціў вернікаў адкрыцца на Святога Духа і стаць Сымонамі і Юдамі Тадэвушамі ХХІ стагоддзя, якое, паводле яго, чакае на новае абвяшчэнне заўсёды жывога і дзейснага Божага слова і хрысціянскага сведчання, што асабліва актуальна ў цяперашні складаны час заняпаду веры, маральнасці і розных крызісаў.

Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў малітвай: «Святы Юда Тадэвуш! Іканапіс прадстаўляе цябе з выявай Езуса на грудзях. Няхай дзякуючы твайму заступніцтву Ён сваёй ласкай будзе ў нашых сэрцах і нашым грамадстве. Толькі тады мы зможам выйсці пераможцамі з крызісаў, каб у нашай Бацькаўшчыне панаваў мір, супакой, узаемная любоў, дух прабачэння».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа