Раніцай 6 жніўня аўтобус з пілігрымамі з Польшчы, якія кіраваліся ў Меджугор’е, трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне на тэрыторыі Харватыі. Як паведамлялася, у выніку ДТЗ адразу загінула 12 асоб.
Адразу не ўдалося ўстанавіць асобы ўсіх загінулых. Як стала вядома 8 жніўня, сярод тых, хто загінуў на месцы здарэння, быў таксама ксёндз Гжэгаж Радзішэўскі, салезіянін, брат сястры Лаўры Радзішэўскай, назарэтанкі, супрацоўніцы Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску.
Ксяндзу Гжэгажу было 53 гады.
Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч смуткуе з прычыны заўчаснай смерці святара і ад імя ўсіх супрацоўнікаў Апостальскай нунцыятуры ў Мінску выказвае шчырыя спачуванні сястры Лаўры, яе родным і блізкім, а таксама запэўнівае ў сваёй малітве за спачылага святара і ўсіх ахвяр страшнай аўтакатастрофы, якая здарылася ў яго на радзіме.
Да Апостальскага нунцыя далучаюцца таксама каталіцкія біскупы Беларусі.
Вечны адпачынак дай яму, Пане...