Пошук

22.07.2022 10:08   Тэкст: Францішак Дубраўскі / Фота: с. Серафіна Мацулевіч, Ала Малахоўская / ave-maria.by / Catholic.by

12 ліпеня на цвінтары перад катэдральным касцёлам Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылося благсслаўленне фігуры Маці Божай.

Як паведамляе сайт часопіса «Ave Maria», устаноўленая адмыслова да дня ўспаміну Маці Божай Шкаплернай у атачэнні туяў і кветніка наўзбоч плябаніі, яна не толькі прыгожа ўпісалася ў відарыс касцёльнай тэрыторыі, але і стане цяпер тым месцам, дзе кожны зможа, не заходзячы нават у святыню, памаліцца да Маці Езуса ў патрэбнай інтэнцыі, скласці да Яе свае просьбы, падзякаваць за спагаду і зычлівасць.

Абрад благаслаўлення фігуры здзейсніў пасля нядзельнай святой Імшы пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ксёндз Валерый Марціноўскі.

Займаліся ж падрыхтоўкаю пляцоўкі для ўсталявання і ўсталяваннем самі парафіяне. Асабліва вызначыліся ў гэтай высакароднай справе сужэнцы Іосіф і Ніна Антонавы. Наогул, як адзначыў старшыня парафіяльнае рады Пётр Глод, з’яўленне каля касцёла фігуры Маці Божай — падарунак парафіянаў самім сабе. Самі прынялі рашэнне аб набыцці ды ўсталяванні, самі яго і ажыццявілі.

Яшчэ адным падарункам вернікам парафіі да дня Маці Божай Шкаплернай стала хрысцільня. Яна была набыта за сродкі ахвярадаўцаў — дзвюх сужэнскіх пар: Таццяны і Дзмітрыя Образавых, а таксама Вольгі і Сяргея Белабровых. І хоць трое ўнукаў Таццяны і Дзмітрыя даўно ахрышчаныя, гэта перашкодаю для іх у справе такой дабрачыннасці, як і для Вольгі і Сяргея, не стала. Бо ў парафіі нямала моладзі, для якой такая важная рэч неаднойчы, мабыць, прыдасца. А за тых, дзякуючы каму яна тут з’явілася, удзячныя парафіяне шчыра памоляцца да Пана Бога аб неабходных ласках.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.