12 чэрвеня католікі Магілёва сабраліся ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, каб разам з арцыпастырам перажыць урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы і агульнамагілёўскую працэсію Божага Цела.
Святочную Імшу цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з арцыпастырам ва ўрачыстасці бралі ўдзел Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек і святары Магілёўскага дэканату на чале з ксяндзом дэканам Андрэем Кеўлічам. Прыгожа аздобленую сястрой Верай Гаспаровіч святыню шчыльна запоўнілі вернікі з трох парафій горада і католікі з наваколля. Эўхарыстыя суправаджалася прыгожым спевам катэдральнага хору пад велічныя гукі касцёльнага аргана, усталяванага ў гістарычнай катэдры намаганнямі біскупа Яшэўскага.
Вітаючы арцыпастыра ў старадаўняй святыні, біскуп Яшэўскі папрасіў яго маліцца аб адраджэнні веры на Магілёўскай зямлі, аб глыбокім жыцці Эўхарыстыяй для кожнага верніка, і аб тым, каб было дастаткова тых, хто будзе служыць Ахвяру Хрыста на алтарах святыняў нашай архідыяцэзіі, а асабліва на ўсходніх яе тэрыторыях.
Арцыбіскуп Станеўскі, вітаючы ўсіх прысутных, адзначыў, што прыйшоў не для таго, каб абвяшчаць таямніцу Божую ўзнёслымі словамі ці мудрасцю. «Я стаю перад вамі ў слабасці, у страху і ў вялікім трымценні, каб вера вашая абапіралася не на чалавечай мудрасці, а на моцы Божай», — спаслаўся іерарх на словы святога апостала Паўла з Паслання да Рымлянаў.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі засяродзіўся на значэнні таямніцы Эўхарыстыі і моцы любові Хрыста да кожнага верніка.
«Гэтая любоў збірае ў прысутнасці Пана людзей рознага ўзросту, полу, сацыяльнага становішча.
Сёння мы не выбіралі людзей з якімі сустрэнемся ў працэсіі, аднак прыйшлі і стаім тут усе разам, з’яднаныя адною вераю і пакліканнем, каб стаць адным целам і дзяліцца адзіным Хлебам, якім з’яўляецца Хрыстус», — падкрэсліў арцыпастыр.
Распавядаючы пра плённасць Эўхарыстыі, іерарх адзначыў, што Цела і Кроў Хрыста — гэта лекі змучанаму сэрцу і магчымасць узрастаць у святасці. «Эўхарыстыя — гэта адзінства, супакой і прабачэнне, якіх так не хапае сучаснаму свету», — дадаў арцыбіскуп.
На заканчэнне ён падзякаваў Пану Богу за ласку веры і запрасіў вернікаў несці яе ў свае дамы, дзяліцца ёю з жыхарамі Магілёва і з усёй чалавечай супольнасцю.
Пасля Імшы адбылася агульнагарадская Эўхарыстычная працэсія, у якой удзельнікі з пашанаю пранеслі Хрыста ў Эўхарыстыі па вуліцах Магілёва.
Некалькі соцень католікаў разам з духавенствам, кансэкраванымі асобамі, з дзецьмі, якія сёлета прынялі Першую святую Камунію, са спевамі і малітвай прайшлі за Езусам у манстранцыі ад галоўнай каталіцкай святыні Магілёва па вуліцы Лазарэнкі да каталіцкіх могілак у капліцу святога Антонія.
Пры кожным з чатырох алтароў вернікі прыпыняліся, слухалі ўрыўкі з Евангелля, разважанні святароў і маліліся. Нягледзячы на спякоту, усе ўдзельнікі працэсіі верна ішлі за Панам, каб сведчыць аб сваёй веры і вернасці Каталіцкаму Касцёлу.
На заканчэнне ўрачыстасці біскуп Яшэўскі падзякаваў арцыбіскупу Станеўскаму, прысутным святарам, кансэкраваным асобам, дзецям і моладзі, а таксама ўсім вернікам за чынны ўдзел ва ўрачыстасці, за жаданне кожнага сведчыць аб веры Касцёла на магілёўскай зямлі.
У Магілёве арцыбісуп Юзаф Станеўскі сустрэўся з кіраўніцтвам Магілёўскай вобласці. У ходзе працоўнай сустрэчы з уладамі былі абмеркаваны актуальныя пытанні жыцця каталіцкіх супольнасцяў у рэгіёне.