Увечары 2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі ўсіх кансэкраваных асоб, якія нясуць служэнне ў даручанай яго пастырскай апецы архідыяцэзіі.
У Каталіцкім Касцёле свята Ахвяравання Пана, або Грамніцы, з’яўляецца таксама Днём кансэкраванага жыцця, калі вернікі моляцца за ўсіх братоў і сясцёр, якія прысвяцілі сябе Богу ў манастве, і дзякуюць ім за ахвяру іхняга жыцця.
На пачатку цэлебрацыі арцыбіскуп Станеўскі заахвоціў прысутных у галоўнай святыні сталіцы і тых, хто духоўна да іх далучыўся дзякуючы прамой трансляцыі, ахінуць малітваю ўсіх кансэкраваных асоб, якія жывуць і служаць на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Арцыпастыр выказаў падзяку ўсім братам і сёстрам з розных манаскіх супольнасцяў за іх служэнне дзеля абвяшчэння Божага Слова ў катэхэтычных класа і на амбонах, за нясенне імі «Евангелля на далоні», за працу ў шпіталях, са старэлымі людзьмі, у дамах сацыяльнай апекі і ў іншых месцах.
«Законнікі і законніцы Беларусі — веснавое квецце нашага Касцёла. Молімся аб плёне вашай працы, аб новых пакліканнях», — сказаў арцыбіскуп Станеўскі.
У прамоўленай гаміліі арцыпастыр перадусім звярнуў увагу на асаблівасць свята Ахвяравання Пана, якое традыцыйна называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай, або Грамніцамі.
«Гэтае свята, вядомае яшчэ з хрысціянскай старажытнасці, заўсёды мела падвойны характар, бо яно адначасова з’яўляецца і святам Пана, і адным з найбольш папулярных Марыйных святаў», — зазначыў іерарх, нагадаўшы, што ў гэты дзень на пачатку святой Імшы адбываюцца працэсіі са свечкамі.
«Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам.
На Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную Слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові. Яна была першай, якая паверыла, і таму Бог бязмежна ўзвысіў Яе. Але прынесшы Дзіцятка Езуса ў святыню, з вуснаў Сімяона Марыя пачула пагрозлівае прароцтва пра тое, што меч пройдзе праз Яе душу. Прарок прадказаў Марыі вялікую таямніцу Яе жыцця — удзел у адкупляльнай справе Яе Боскага Сына. Гэтае прароцтва спраўдзілася тады, калі Марыя стаяла пад крыжам Хрыста, і ў сваёй душы падзяляла Яго цярпенне за збаўленне свету», — заўважыў арцыбіскуп.
Іерарх нагадаў, што з 1997 года Папам Янам Паўлам ІІ, сёння ўжо святым, 2 лютага ў Каталіцкім Касцёле стала Днём кансэкраванага жыцця, прысвечаным малітве за асобаў, якія ахвяравалі сваё жыццё служэнню Богу ў розных манаскіх ордэнах і кангрэгацыях, а таксама ў свецкіх інстытутах.
«Кожнага чалавека, пакліканага да жыцця на зямлі, Бог стварае на свой вобраз і падабенства і вызначае яму дакладную мэту, якую ён павінен дасягнуць у гэтым жыцці. Для гэтага Бог адорвае кожнага чалавека неабходнымі духоўнымі і фізічнымі здольнасцямі.
Жывучы на гэтым свеце і спаўняючы свае абавязкі ў сям’і, грамадстве, на працы, мы павінны заслужыць жыццё з Богам у Яго Валадарстве», — сцвердзіў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Сваю Гамілію ён завяршыў пажаданнем: «Мае дарагія, няхай гэтае свята дапаможа кожнаму з нас сустрэцца з Езусам і адкрыць сваё сэрца на іншага чалавека».