Пошук

02.02.2022 17:00   Тэкст: Дар’я Семянько / Фота: Сяргей Юрэвіч / Catholic.by

30 студзеня Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў Смаргонь — свой родны горад, — дзе ў парафіі святога Арханёла Міхала, у якой нясуць служэнне салезіяне, узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ва ўрачыстасць святога Яна Боско, заснавальніка салезіянскага таварыства.

У прамоўленай на Эўхарыстыі гаміліі біскуп Яшэўскі запрасіў прысутных спыніцца перад выявай святога, засяродзіць свой позірк і спытаць, што ён хоча нам сказаць.

«Давайце памятаць, што мэта нашага жыцця — ісці за Езусам Хрыстом, як гэта рабілі святыя.

Святы Ян Боско са сваёй святасцю, сваёй духоўнасцю павінен дапамагчы нам наследаваць Езуса, як ён наследаваў Яго», — адзначыў іерарх.

Паводле біскупа, успамінаючы святога Яна Боско, варта звярнуць увагу на яго здольнасць аб’ядноўваць вакол сябе людзей на супольную працу і дапамогу дзецям. Пры гэтым нельга забывацца пра яго вялікую еднасць з Богам.

«Ксёндз Боско жыў так, быццам бачыў Бога.

Для святога Яна Боско Езус Хрыстус быў жывой і заўсёды прысутнай Асобай у кожны момант яго жыцця і ва ўсіх яго справах. Езус не быў для яго кімсьці далёкім», — заўважыў іерарх.

Узгадаў біскуп Яшэўскі і араторый, створаны Янам Боско, — месца, якое надавала сэнс і энтузіязм жыццю многіх маладых людзей.

«У той час у Турыне было шмат маладых людзей, якія адчувалі вялікія цяжкасці. І святы сказаў сабе: „Я не магу спакойна глядзець, склаўшы рукі; не магу рабіць выгляд, што нічога не адбываецца“.

Яго араторый нарадзіўся з сэрца, поўнага любові; з сэрца, здольнага ўзварухнуцца і заплакаць з прычыны моладзі, якую Пан даверыў яму», — дадаў біскуп.

Прысутным вернікам ён прапанаваў паразважаць над тым, што сказаў бы ксёндз Боско сёння.

«Я думаю, што першае, што ён сказаў бы нам, было б наступнае: „Беражыце сваю душу. Гэта самае дарагое, што ў вас ёсць. Не страцьце яе, не грэбуйце ёй. Беражыце яе, клапаціцеся пра яе. Зрабіце так, каб яна была месцам, дзе можа прабываць Пан Бог. Вы можаце мець самыя вялікія скарбы ў свеце, але што з таго, калі вы страціце душу?..“» — падзяліўся думкамі іерарх.

Напрыканцы гаміліі ён заклікаў маладых людзей быць святымі:

«Айцец Боско кажа нам, што святасць заключаецца ў тым, каб заўсёды быць радаснымі. Таму, дарагія юнакі і дзяўчаты, будзьце радаснымі, напоўніцеся сапраўднай радасцю, якая паходзіць ад Езуса Хрыста; радасцю, што азначае любіць і жадаць дабра ўсім», — заахвоціў моладзь духоўны сын святога Яна Боско біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Абноўлена 02.02.2022 17:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.